BE RU EN

З лякарні знік збіты карнікамі 12 жніўня падлетак

  • 11.09.2020, 7:35

СК назваў яго «ўдзельнікам масавых беспарадкаў».

8 верасня са шпіталя знік 16-гадовы Цімур Міцкевіч, паведамляе пошукава-выратавальны атрад «Анёл».

Падлетак пражывае на адрасе: Мінск, вул. Калеснікава, д. 27.

Хлопец знаходзіўся ў 2-ай гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы (вул. Нарачанская, д. 17), адкуль 8 верасня каля 14.00 сышоў у невядомым накірунку і знік. Да цяперашняга часу пра яго месцазнаходжанне нічога не вядома.

Прыкметы: рост 182 см, нармальнага целаскладу, вочы карыя, чорныя валасы.

Асаблівыя прыкметы: мружыцца.

Быў адзеты: светла-сінія спартовыя штаны, белыя шкарпэткі, чырвоныя шлапакі, футболка, байка.

Нагадаем, 13 жніўня Цімур трапіў у рэанімацыю 3-ці дзіцячай лякарні Менска. Яго даставілі ў лякарні з РУУС з чэрапна-мазгавой траўмай, страсеннем галаўнога мозгу, адкрытым пераломам скул-арбітальнага комплексу, сутаргавым сіндромам, параарбітальная гематомай справа, множнымі ўдарамі мяккіх тканак і канцавін, траўматычнымі эрозіямі рагавіцы абодвух вачэй. Хлопец у лякарні знаходзіўся нейкі час у медыкаментознай коме, піша tut.by.

3 верасня падлетка затрымалі і адвезлі на допыт у рамках арт. 293 КК (Масавыя беспарадкі). Следчыя заявілі, што падлетак актыўна ўдзельнічаў у масавых беспарадках і датычны да ўзброенага нападу на кіроўцу грузавога аўтамабіля МАЗ. Са слоў следчых, маладзён ёсць на запісах камер відэаназірання на вуліцы Прытыцкага 10 жніўня, дзе праходзілі акцыі пратэсту.

Як паведамілі ў сям'і падлетка, 3 верасня ў СК хлопцу стала дрэнна - яго адправілі ў бальніцу. Нейкі час ён правёў у рэанімацыі, а ў дзень знікнення яго перавялі ў звычайную палату. Выпісваць яго на той момант яшчэ не збіраліся, распавялі блізкія хлопца. Са звестак сваякоў, на камерах відэазапісу бачна, што Цімур сустрэўся ў лякарні з дзяўчынай у белым плашчы, акулярах і з мядзведзем у руках. Медыкі і мама хлопца напісалі заяву ў міліцыю аб ягоным знікненні.

Апошнія навіны