BE RU EN

Салігорскі шахцёр прыкаваў сябе кайданкамі пад зямлёй на знак пратэсту

  • 10.09.2020, 7:56

Юрый Корзун патрабуе адстаўкі Лукашэнкі.

Адзін з вядомых удзельнікаў пратэстаў і страйку гарнякоў у Салігорску Юрый Корзун пачаў адзіночны пратэст у шахце. Ён паведаміў кіраўніцтву, што спускаецца ўніз і адмаўляецца падымацца на паверхню, паведамляе Charter97.org са спасылкай на страйкам ААТ "Беларуськалій".

У звароце да генеральнага дырэктара ААТ "Беларуськалій" Івана Галаватая ён піша, што патрабуе спынення гвалту і адстаўкі Лукашэнкі.

Паводле інфармацыі страйкаму, Юрый Корзун прыкаваў сябе на працоўным месцы наручнікамі да горназдабывальнага абсталявання. Ён збіраецца знаходзіцца ў шахце да выканання сваіх патрабаванняў.

Перад спускам пад зямлю Юрый Корзун апублікаваў зварот у сацсетцы Вконтакте:

«8 верасня мне споўнілася 42.

Усё свядомае жыццё я жыву пры рэжыме Лукашэнкі. Заўсёды быў апалітычны, але цяпер не магу заставацца ў баку. АРЛ ніколі не любіў беларусаў! У гэтым жа годзе ён перастаў сябе стрымліваць і прыступіў да сапраўднага генацыду беларускага народа! Усе сілавыя структуры пад яго кіраўніцтвам перавысілі свае паўнамоцтвы збіваючы, катуючы, гвалтуючы мірных пратэстоўцаў і проста выпадковых мінакоў, застаючыся пры гэтым беспакаранымі! Больш за 80 чалавек прапалі без вестак. Усім нам вядома што робіць злачынец, які адчувае беспакаранасць! Ён паўтарае свае злачынствы з кожным разам усё больш дасканала і жорстка. І гэта можа закрануць кожную сям'ю ў нашай краіне!

Што гэта, калі не спроба адраджэнне фашызму?

Спыніць прававы дэфолт і прыступіць да мірнага дыялогу, змогуць толькі працоўныя прадпрыемстваў! Больш ўлада не стане слухаць нікога! Так заявіў асабіста Лукашэнка.

Сёння я раблю свой выбар! Пратэст пачынаю на працоўным месцы ў забоі, гарызонт -305м. Цісну STOP!!! Пакідаць шахту адмаўляюся да пачатку выканання маіх патрабаванняў.

Прашу ўсіх беларусаў, усіх хто ля станкоў і вытворчых ліній, ужо СЁННЯ зрабіць правільны выбар у барацьбе са злом і беззаконнем.

Я веру! Нас шмат! І мы абавязкова будзем жыць у яркай, свабоднай, квітнеючай Краіне для жыцця!

Ю.М. Корзун».

Апошнія навіны