BE RU EN

У Беларусі моцна падаражэла рыба

  • 8.08.2020, 19:40

Мойва ж наогул знікла з крам.

Паўтара месяца таму беларусы дзівіліся замарожанай мойве ў адной з сеткавых крам за цану марскога акуня - 12 рублёў за кіло, піша kp.by. За гэтыя грошы таксама можна было ўзяць 700 грамаў ласося, кіло вясёлкавай стронгі або паўтара кілаграма марожанай камбалы. А цяпер улюбёны каціны ласунак і зусім знік з крам. Замарожаная кілька ёсць за 5 рублёў за кіло, а мойвы не знайсці ні ў сэрвісах дастаўкі, ні ў крамах, ні на базарах.

- Я тут працую амаль два месяцы і ні разу не бачыла мойвы, хоць яе часта пытаюцца, - кажа прадавец адной з вялікіх рыбных крам. - Не магу сказаць напэўна, у чым прычына, але маё меркаванне: яе разам з кількай і салакай проста нявыгадна прадаваць. Прасцей жа прывезці ласося або стронгу і зрабіць на іх добрую набаўку, а не займацца гэтай дробяззю.

У суседняй краме над лядоўнямі вісіць выява мойвы, але самой рыбы няма. Прадаўцы нічога патлумачыць не змаглі: крама адкрылася надоечы, усе працуюць тут менш за тыдзень.

- Была і сплыла мойва, - смяецца мужчына-пакупнік, пачуўшы пытанне, а ягоная жонка злосна дадае: - Гэта бязладдзе, нідзе няма мойвы, а мы так яе любілі смажаную! Вось ужо месяц нідзе знайсці не магу, нават на базарах. Можа, не ўрадзіла сёлета або з пастаўкамі праблемы праз каранавірус.

Задаём пытанне пра загадкавае знікненне мойвы буйному імпарцёру рыбы. Спецыяліст у забеспячэнні папрасіў не падаваць назву арганізацыі, каб унікнуць доўгіх узгадненняў з начальствам.

- Мойву вылоўліваюць у пэўны сэзон - толькі ў лютым і сакавіку. Яе папуляцыя апошнім часам моцна памяншаецца, таму міністэрства сельскай гаспадаркі тых краін, дзе жыве рыба (сярод іх Ісландыя і Нарвегія), увялі часовую забарону на яе вылаў, - растлумачыў суразмоўца. - На маёй практыцы такое часам здаралася і з іншай рыбай, але пакуль забарона ёсць толькі на вылаў мойвы. Мойву не ловяць у скандынаўскіх краінах ужо два сэзоны запар. У Расеі яе здабываюць, але дэфіцыт на рынку прычыніўся да яе падаражання. Акрамя таго, расейская мойва - вельмі дробная, а за такую шалёную цану, якая была ў нас - 12 рублёў, - яе паспрабуй яшчэ прадаць. Але дакладна магу сказаць: у гэтым няма віны нашых крам, яна і ў Расеі моцна падаражэла ў закупе. Так што паводле самых аптымістычных прагнозаў мойву можна чакаць у нас не раней за наступную вясну.

Апошнія навіны