BE RU EN

Памёр самы вядомы экзарцыст РПЦ архімандрыт Герман

  • 8.08.2020, 15:28

Прычынай названая каранавірусная інфекцыя.

Памёр самы вядомы экзарцыст РПЦ архімандрыт Герман (Часныкоў). Пра гэта паведамляе сайт найбуйнейшага манастыра РПЦ Троіца-Сергіевай Лаўры, у якой ён служыў. Прычынай смерці 79-гадовага святара названая каранавірусная інфекцыя, паведамляе svoboda.org.

Герман знаходзіўся ў цяжкім стане ўжо ў траўні, перадавалі РІА «Новости». Паведамлялася, што ён падлучаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. За перыяд пандэміі ў лаўры памерлі ад каранавіруса пяць архімандрытаў, тры ігумены, іераманах і два іерадыяканы. Аб смерці сярод манахаў без сану не паведамлялася, адзначае выданне «Ахилла».

Герман нарадзіўся ў 1941 годзе ў Краснадарскім краі, у 1973 годзе скончыў Маскоўскую духоўную семінарыю і паступіў у брацтва Троіца-Сергіевай Лаўры. Праз тры гады быў пастрыжаны манахам, пасвечаны ў святары будучым кіраўніком Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату Уладзімірам (Сабаданам). З 1998 года быў настаяцелем будучага Васкрасенскага падворка Лаўры, у 2019 годзе стаў ганаровым настаяцелем гэтай царквы.

Архімандрыт Герман быў шырока вядомы ў праваслаўным свеце як адзіны афіцыйны экзарцыст РПЦ. Ён рэгулярна праводзіў абрад адчытвання - фактычна, выгнання дэманаў. Нават у царкве да гэтага абраду маецца неадназначнае стаўленне, адзначае сайт «Правмир». Аднак да святара рэгулярна прыязджалі па адчытванне праваслаўныя з усяго свету, ён рабіў гэта з дазволу царкоўных уладаў, будучы бласлаўлёным на гэта яшчэ пазамінулым кіраўніком РПЦ патрыярхам Піменам.

Апошнія навіны