BE RU EN

Афіцыйны фан-клуб менскага «Дынама» падтрымаў звольненых праз сваю пазіцыю супрацоўнікаў

  • 7.08.2020, 17:39

Супрацоўнікі прэс-службы «зуброў» адмовіліся здымаць агітацыйны ролік за Лукашэнку.

Афіцыйны фан-клуб хакейнага клуба «Дынама-Мінск» падтрымаў звольненых праз сваю пазіцыю супрацоўнікаў - Рамана Стронгіна і Рамана Шаўцова, паведамляе tut.by.

- Хочам выказаць наша захапленне ўчынкам двух мужчын, экс-супрацоўнікаў нашага клуба. Не паддацца ўплыву звыш, захаваць твар - не ўсім падуладная валявая рыса характару.

Дзякуем Раману Шаўцову за плённую супольную працу, за цярпенне і разуменне на выездах, за бліскучыя «гумарэзкі» ў онлайн і офлайн-рэжыме.

Дзякуем Раману Стронгіну за 8 гадоў, аддадзеныя клубу. Хай і не заўсёды ладзіліся духоўныя ўзаемаадносіны, узнікалі непаразуменні ў некаторых пытаннях - ніхто з нас не апускаў рукі, мы ішлі за сваю справу.

Вельмі шкада, што чарговым разам клуб пакідаюць годныя добрай згадкі людзі. Але спадзяемся, што нашы шляхі зноў перасякуцца, калі віхура суцішыцца. Удачы вам, дзядзькі! - напісана ў звароце заўзятараў.

Нагадаем, 6 жніўня начальнік управы маркетынгу і сувязяў з грамадскасцю «Дынама-Мінск» Раман Стронгін і прэс-сакратар клуба Раман Шаўцоў напісалі заявы на звальненне пасля адмовы асвятляць датэрміновае галасаванне хакеістаў. Заяву ім падпісалі, а датэрміновае галасаванне, якое прайшло сёння, асвятліў ужо нехта іншы.

Апошнія навіны