BE RU EN

У Беларусі перанеслі футбольныя матчы: Улады спужаліся пратэстаў

  • 7.08.2020, 14:06

Учора на матчы «Шахцёра» і берасцейскага «Дынама» заўзятары скандавалі «Жыве Беларусь!».

На матч «Дынама-Менск» – «Смалявічы», які павінен быў прайсці 7 жніўня на сталічным стадыёне «Дынама», раніцай быў спынены продаж квіткоў. А пазней АБФФ абвясціла, што яго перанеслі, як і яшчэ адзін паядынак, які павінен быў адбыцца ў Менску.

Адзначым, што падчас учорашняга матчу ў Салігорску паміж «Шахцёрам» і «Дынама-Брэст» практычна цалкам запоўненыя трыбуны пачалі скандаваць: «Жыве Беларусь». Пасля гэтага блогер Nexta ў сваім тэлеграм-канале нагадаў пра тое, што сёння матч чэмпіянату Беларусі пройдзе на менскім «Дынама».

АБФФ паведаміла, што матч будзе перанесены на наступны тыдзень. Як і яшчэ адзін паядынак, які павінен быў адбыцца ў Менску на стадыёне «Трактар».

– Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футболу» ў адпаведнасці з пунктам 5.5.4 артыкула 5 Рэгламенту чэмпіянату Рэспублікі Беларусь у футболе 2020 года і на падставе пастановы Бюро выканкама АБФФ ад 07.08.2020 пераносіць матчы 21-га туру «Беларусбанк – Найвышэйшай лігі» сезону 2020 года «Дынама-Менск» – «Смалявічы» і «Менск» – «Славія-Мазыр». Паядынак «Дынама-Менск» – «Смалявічы», які павінен быў адбыцца сёння, перанесены на 14 жніўня. Гульня «Менск» – «Славія-Мазыр» перанесена з 8 на 12 жніўня.

У гэтай сувязі матч 1/16 фіналу «Парыматч – Кубка Рэспублікі Беларусь» сезону 2020/21 з удзелам футбольных клубаў «Дынама-Менск» і «НФК Крумкач» перанесены з 14 жніўня на больш позні тэрмін, а перанесены матч 9-га тура «Беларусбанк – Вышэйшай лігі» з удзелам футбольных клубаў «Менск» і «Нёман» (Гародня) зрушаны з 15 на 17 жніўня, – паведамляецца на сайце.

Апошнія навіны