BE RU EN

Амерыканская амбасадарка абвясціла аб стварэнні ў Польшчы 5-га каманднага корпуса войска ЗША

  • 5.08.2020, 10:59

Гэта прадугледжана пагадненнем аб польска-амерыканскім абаронным супрацоўніцтве.

Амбасадарка ЗША ў Польшчы Джарджэт Масбахер назвала дзень 4 жніўня асаблівым праз абвяшчэнне аб стварэнні ў Польшчы 5-га каманднага корпуса войска ЗША. Яна падкрэсліла, што гэта «яшчэ больш зблізіць нашы ўзброеныя сілы, забяспечыць найлепшую інтэграцыю і аптымізацыю ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі», паведамляе «Польскае радыё».

Павелічэнне колькасці жаўнераў ЗША ў Польшчы і дыслакацыя ў Польшчы камандавання корпуса Наземных войскаў ЗША прадугледжана пагадненнем аб польска-амерыканскім абаронным супрацоўніцтве.

У Кракаве, дзе амбасадарка ўдзельнічала ў перамовах з міністрам нацыянальнай абароны Польшчы Марыюшам Блашчакам і амерыканскімі генераламі з нагоды пагаднення, яна звярнула ўвагу на дачыненні Вашынгтона і Варшавы.

«Мы ведаем, што можам разлічваць на Польшчу, аднаго з нашых найбліжэйшых хаўруснікаў. Стасункі паміж Польшчай і Злучанымі Штатамі далей развіваюцца па меры паглыблення нашага цывільнага і вайсковага супрацоўніцтва. Я выказваю шчырую падзяку міністру Блашчаку і польскім вайсковым камандзірам за ўсё, што яны зрабілі для таго, каб гэты працэс развіваўся», - заявіла пасол.

Джарджэт Масбахер падкрэсліла, што амерыканскія жаўнеры гатовыя стаць на абарону хаўруснікаў Паўночнаатлантычнага альянсу.

У панядзелак увечары кіраўнік Пентагона Марк Эспэр паведаміў, што абедзвюма краінамі было прынятае пагадненне. Ён дадаў, што яно забяспечыць умацаванне NАТО і ў большай ступені напалохае Расею.

Міністр Марыюш Блашчак заявіў, што двухбаковае пагадненне будзе падпісанае цягам даволі кароткага часу.

Апошнія навіны