Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы папрасіў прабачэння за віншаванне Лукашэнкі з «перамогай»
- 14.08.2020, 18:16
Мітрапаліт Павел атрымаў інфармацыю пра падзеі ў Беларусі і паглядзеў відэа затрыманняў.
Кіраўнік Беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхату РПЦ мітрапаліт Павел (Панамароў) прынёс прабачэнні за віншаванне Лукашэнкі з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. Пра гэта прэс-сакратар царквы протаіерэй Сергій Лепін паведаміў Беларускай службе «Радыё Свабода».
Са слоў Сергія, мітрапаліт Павел палічыў віншаванні Лукашэнкі заўчаснымі. "Мітрапаліт атрымаў інфармацыю пра падзеі ў Беларусі, ён бачыў відэа затрыманняў, ён абурыўся, жахнуўся і знерваваўся", - цытуе яго протаіерэй.
68-гадовы Павел павіншаваў Лукашэнку з абраннем на наступны дзень пасля выбараў, 10 жніўня, услед за старшынём усёй РПЦ патрыярхам Кірылам. "Суродзічы ўскладаюць на Вас вялікую надзею, звязаную з абаронай суверэнітэту Беларусі, захаваннем нацыянальнай духоўнай і культурнай спадчыны, умацаваннем сацыяльнай і эканамічнай стабільнасці", гаварылася ў тэксце.
Пратэсты працягваюцца дагэтуль, народ патрабуе адстаўкі Лукашэнкі, пераліку галасоў і прызначэння новых выбараў.
Са слоў Сергія, кожны дзень у храмах БПЦ будуць праходзіць малітвы ў падтрымку затрыманых. Яны будуць заканчвацца хрэсным ходам.