BE RU EN

Каля галоўнага ўваходу на МТЗ сабралася 70 работнікаў-страйкоўцаў

  • 11.08.2020, 14:03

Людзі патрабуюць ад кіраўніцтва растлумачыць сітуацыю ў краіне.

Актывіст Алесь Таўстыка расказаў тэлеграм-каналу «Белсата», што ля галоўнага ўваходу на МТЗ сабралася 70 работнікаў-страйкоўцаў.

«Каля галоўнага ўваходу на МТЗ сабралася каля 70 работнікаў, патрабуюць ад кіраўніцтва, каб растлумачылі сітуацыю ў краіне. Людзі падцягваюцца», - расказаў актывіст.

Пасля закліку да Усебеларускага страйку далучаецца ўсё больш прадпрыемстваў і рабочых ва ўсёй краіне.

Нагадаем, што да Усебеларускага страйку далучыліся некалькі цэхаў Беларускага металургічнага завода (БМЗ) у Жлобіне, дзяржаўны Інстытут парашковай металургіі ў Менску, Менскі электратэхнічны завод імя Казлова, Жабінкаўскі цукровы завод.

Адначасова праз адключэнне інтэрнэту ў Беларусі не працуюць дзясяткі тысяч дробных і сярэдніх прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці і дзяржаўных устаноў. Праз страх перад народнымі пратэстамі Лукашэнка вымкнуў інтэрнэт і справакаваў маштабны страйк, які ахапіў транспарт, гандаль, банкі, ІТ-сфэру.

Апошнія навіны