BE RU EN

«Зневажальна для Лукашэнкі: ён саступіў нават не блогеру, а ягонай жонцы»

  • 10.08.2020, 17:10

За ім відавочная меншасць.

Вядомы журналіст Анджэй Пачобут у каментары для «Салідарнасці» даў ацэнку масавым пратэстам у Беларусі і дзеянням уладаў.

- Тое, што адбывалася ўчора, гэта свінства. Думаю, што тыя, хто адказваў за палітыку ў дачыненні да Беларусі, не зрабілі правільных высноў з урока, які беларускія ўлады далі ў 2010 годзе. Я цяпер маю на ўвазе Захад.

Сярод заходніх аналітыкаў і палітыкаў у 2010 годзе была папулярная версія, што рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі, якія тады здарыліся, разбітыя шыбы ў Доме ўрада - гэта расейская правакацыя.

Цынічны разлік улады, што грамадства спалохаецца, як гэта адбылося ў 2010 годзе, а Захад паабураецца, а потым праглыне гэта, калі пройдзе год-два.

Сэнс таго, што адбылося: ужо не будзе так, як было. Як і казалі падчас выбарчай кампаніі: усё будзе па-іншаму.

- Як ты думаеш, праглыне беларускае грамадства брутальны разгон і рэпрэсіі?

- Мы гаворым пра сітуацыю, калі трэба прагназаваць паводзіны сотняў тысяч людзей. Гэта вельмі цяжка зрабіць. Падчас гэтай выбарчай кампаніі беларусы вялі сябе па-іншаму, чым яны паводзяць сябе заўжды.

Калі пачыналіся выбары, хто ж чакаў, што магчыма так разгайдаць сітуацыю, што кандыдат незалежны будзе перамагаць Лукашэнку, і грамадства адвернецца ад яго?

Гэта зневажальна для Лукашэнкі: ён саступае нават не блогеру. Ён саступае жонцы блогера.

З аднаго боку, гэтая сітуацыя сведчыць аб палітычнай сістэме Беларусі, а з другога - пра тое, наколькі надакучыў Аляксандр Лукашэнка беларусам.

Я з 2011-2012 года стала казаў пра тое, што ў Лукашэнкі няма большасці. Гэта заснаванае на асабістай сацыялогіі - кантакты з людзьмі ў мяне шырокія, я езджу па рэгіёнах, размаўляю з народам. Падчас гэтай кампаніі грамадства пераканалася, што за Лукашэнку меншасць.

Анджэй Пачобут таксама адзначыў, што ў фінале кампаніі Святлана Ціханоўская і аб'яднаны штаб паводзілі сябе правільна.

- Яны зрабілі крок назад, хоць ад іх чакалі іншага, калі забаранілі мітынг. Яны зрабілі максімум, каб пазбегнуць сутыкнення.

Апошнія навіны