У штабе Ціханоўскай запатрабавалі перадачы ўлады ў Беларусі
- 10.08.2020, 14:35
У адваротным выпадку штаб не выключыў новых пратэстаў.
Святлана Ціханоўская заявіла, што ўважае сябе за пераможцу на выбарах прэзідэнта Беларусі, а ў ейным штабе запатрабавалі мірнай перадачы ўлады абранаму кіраўніку дзяржавы, не выключыўшы магчымасці новых пратэстаў, паведамляе РІА «Новости».
«Улада нас не чуе, яна цалкам адарвалася ад народа, але я маю паўтарыць, што мы за мірныя перамены. І ўлада павінна зараз падумаць, як мірным спосабам перадаць гэтую ўладу, бо на дадзены момант яны маюць толькі адзін спосаб - гвалт над мірнымі беларусамі», - заявіла Ціханоўскі.
Кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі таксама заявіла, што цяперашняя ўлада спрабуе ўтрымаць свае пазіцыі «гвалтоўнымі метадамі», хоць падчас закончанага напярэдадні галасавання «выбаршчыкі зрабілі свой выбар».
У штабе Ціханоўскай вынікі, агучаныя ЦВК Ярмошынай, не прызнаюць, а праведзеныя апазіцыяй апытанні на выхадзе з выбарчых пунктаў сведчаць аб тым, што большасць галасоў на іх была аддадзеная за Ціханоўскую.
Са слоў даверанай асобы Ціханоўскай, звесткі з выбарчых пунктаў з усёй Беларусі таксама паказваюць, што апазіцыйная кандыдатка перамагла на выбарах, заручыўшыся падтрымкай 70-80% выбаршчыкаў.
«Інтэрфакс-Захад» паведамляе, што штаб Ціханоўскай мае ўласныя звесткі аб выніках галасавання з 250 выбарчых пунктаў (агулам іх амаль 6 тысяч). Пры гэтым прэс-сакратарка штаба Ганна Красуліна заявіла агенцтву, што абвешчаныя ЦВК вынікі «не адпавядаюць рэчаіснасці і супярэчаць здароваму сэнсу».