BE RU EN

Астатні сведка злачынстваў у Хатыні Віктар Жалабковіч памёр ад каранавіруса

  • 9.07.2020, 12:51

У яго не было цяжкіх захворванняў, акрамя COVID-19.

86-гадовы Віктар Жалабковіч пайшоў з жыцця 24 траўня.

Перад смерцю ён быў у шпіталі, таму хадзілі чуткі, што смерць магла быць выклікана каранавірусам альбо пнеўманіяй, але пацверджанняў тады не было.

У інтэрв'ю tut.by анэстэзіёлаг-рэаніматолаг Ігар Таболіч, які працуе ў 1-й клінічнай лякарні Менска, расказаў, што Віктар Жалабковіч быў ягоным пацыентам.

«У мяне быў пацыент, астатні выжылы ў Хатыні. Вельмі адэкватны паджылы мужчына і даволі моцны, ляжаў у нас, у яго быў дадатны тэст на COVID-19. Потым ён стабілізаваўся, і мы яго перавялі з рэанімацыі, але цягам тыдня стан зноў пагоршыўся, пасля чаго зноў даставілі да нас, але дапамагчы ўжо не змаглі.

У яго не было цяжкіх захворванняў, ад якіх ён мог памерці найбліжэйшым часам, калі б не каранавірус», - распавёў Таболіч.

Лекар таксама дадаў, што «ў нас нейкі час у афіцыйнай статыстыцы смяротнасці аб COVID-19 было да пяці памерлых пацыентаў на дзень па краіне. Але былі дні, калі толькі ў адной нашай лякарні паміралі тры-чатыры чалавекі, у якіх мог быць дадатны вынік тэсту на COVID-19. Часам пасля смерці ў рэанімацыі пацыенту могуць выносіцца два асноўныя дыягназы, бо мы не можам адназначна сказаць, якое захворванне стала прычынай смерці. Мы пішам два дыягназы, і бываюць сітуацыі, калі COVID-19 ідзе другім дыягназам ці ўвогуле спадарожным, а ў статыстыку трапляе першы. Пацыенты з COVID-19 ідуць на ўскрыццё, але не ўсе сваякі хочуць, каб роднага ім чалавека ўскрывалі, яны кажуць, што ім усё адно, які дыягназ мы напішам».

Апошнія навіны