BE RU EN

СБУ: Расейскі куратар генерала-здрадніка Шайтанава кіраваў баявікамі на Данбасе

  • 9.07.2020, 12:02

Апублікаваны аўдыёзапіс.

Контрвыведка Службы бяспекі Украіны сабрала дадатковыя матэрыялы, якія сведчаць, што палкоўнік ФСБ РФ Ігар Ягораў, які мае дачыненне да вярбоўкі падазраванага ў дзяржаўнай здрадзе генерал-маёра Службы бяспекі Украіны Валерыя Шайтанава, быў адным з арганізатараў акупацыі і разгортвання тэрарыстычнай дзейнасці на Данбасе. Пра гэта паведамляе прэс-служба СБУ.

"З лета 2014 года Ягораў пад пазыўным Эльбрус наўпрост каардынаваў дзейнасць незаконных узброеных фармаванняў на тэрыторыі Луганскай вобласці, даводзіў да баевікоў указанні расейскага камандавання і арганізоўваў узаемадзеянне розных груповак. Палкоўнік ФСБ называў сябе "першым намеснікам камандзіра" войскаў так званай "Наваросіі". Важным аспектам ягонай дзейнасці было ўзгадненне супольных дзеянняў з так званым "міністэрствам абароны ДНР", забеспячэнне баевікоў узбраеннем і боепрыпасамі", - гаворыцца ў паведамленні.

Са звестак украінскай спецслужбы, Ягораў асабіста прысутнічаў на акупаванай тэрыторыі, перанакіроўваў групы прарасейскіх баевікоў з Крыма на Данбас.

Акрамя таго, контрвыведка СБУ зафіксавала, што Ягораў быў непасрэдна датычны да катастрофы ўкраінскіх вайсковых самалётаў летам 2014 года і да ракетнага абстрэлу падраздзяленняў Узброеных сіл Украіны. Ён займаўся зборам выведвальнай інфармацыі і каардынаваў дыверсійныя групы для процідзеяння украінскім вайскоўцам.

СБУ апублікавала аўдыё размоў Ягорава, у тым ліку з палкоўнікам Федэральнай службы аховы прэзідэнта РФ Юрыем Котавым, у якой ён распавядае пра збіты ўкраінскі Су-25 і намякае на сваё дачыненне да падзеяў у Зяленаполлі Луганскай вобласці ў ліпені 2014 года.

Потым у размове з неўсталяванай асобай ён расказвае пра тры збітыя "Сушкі" і Ан-24.

Шайтанава, якога падазраюць у дзяржаўнай здрадзе і падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў, затрымалі 14 красавіка. 15 красавіка Шаўчэнкаўскі райсуд Кіева арыштаваў генерал-маёра. 16 красавіка ў СБУ паведамілі пра затрыманне магчымага змоўшчыка Шайтанава, таксама супрацоўніка спецслужбаў.

У СБУ заяўлялі, што Шайтанаў, якога курыраваў палкоўнік ФСБ Ягораў, рыхтаваў забойства ўдзельніка АТА Адама Асмаева.

Следчыя Bellingcat усталявалі, што Ягораў можа быць датычны да забойства чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі ў Нямеччыне, спробы дзяржаўнага перавароту ў Чарнагорыі, катастрофы рэйса MH17 на Данбасе, анэксіі Крыма і вайны на Данбасе.

Апошнія навіны