BE RU EN

Улады абвінавачваюць блогера Сяргея Пятрухіна паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса

  • 7.07.2020, 16:57

Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага ў Менску.

Берасцейскаму блогеру Сяргею Пятрухіну выстаўленае абвінавачанне на падставе трох артыкулах КК, піша tut.by.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна» яму выстаўленыя наступныя абвінавачанні:

• ч.1 арт.342 КК РБ - арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

• арт.369 КК РБ - публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў.

• арт.391 КК РБ - абраза суддзі або народнага засядацеля ў сувязі з ажыццяўленнем iмi правасуддзя. Караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў.

Паводле папярэдняй інфармацыі, артыкулы аб абразе суддзі і прадстаўніка ўлады датычаць падзеяў двухгадовай даўніны. Аператыўна атрымаць каментар у Следчым камітэце не ўдалося.

Сяргея Пятрухіна затрымалі 16 чэрвеня ў вёсцы Востраве Пухавіцкага раёна, дзе ён гасцяваў у знаёмай. Яго даставілі ў Кобрынскі ІЧУ адбываць 15 дзён адміністрацыйнага арышту. 25 чэрвеня стала вядома, што Пятрухіна перавялі ў Менск і што ён затрыманы ў рамках крымінальнай справы па ч.1 арт.342. Цяпер блогер знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.

Праваабаронцы прызналі Пятрухіна палітычным зняволеным.

Апошнія навіны