BE RU EN

20 гадоў таму ў Беларусі быў выкрадзены журналіст Дзмітрый Завадскі

  • 7.07.2020, 9:19

Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікала калег сёння апоўдні ўшанаваць ягоную памяць хвілінай маўчання.

Роўна 20 гадоў таму знік беларускі тэлеаператар, супрацоўнік Грамадскай расейскай тэлевізіі (ОРТ, цяпер - Першы канал) Дзмітрый Завадскі. На момант знікнення яму было 27 гадоў.

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) заклікала калег сёння апоўдні ўшанаваць памяць Дзмітрыя Завадскага хвілінай маўчання, паведамляюць naviny.by.

«Прайшло 20 гадоў, а праўды мы не ведаем дагэтуль, - гаворыцца ў паведамленні БАЖ. - Вельмі цяжка і балюча. Няма нават магілы, на якую можна было б прыйсці і ўспомніць калегу. У мінулыя гады 7 ліпеня мы прыходзілі з партрэтамі Зміцера да пад'езда, адкуль ён выйшаў той раніцай. Але сёння гарантаваць бяспеку калег падчас нават маўклівага стаяння з партрэтам немагчыма. Але памяць немагчыма забіць. Скрасці. Затрымаць, аштрафаваць ці арыштаваць.

З 1994 да 1996 год Дзмітрый Завадскі працаваў у аператарскім пуле Аляксандра Лукашэнкі, затым стаў працаваць на Грамадскай расейскай тэлевізіі. Улетку 1997 гады ён разам з карэспандэнтам ОРТ Паўлам Шараметам быў арыштаваны і абвінавачаны «ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы» падчас здымак рэпартажу, яго ўмоўна асудзілі на паўтара гады пазбаўлення волі. З кастрычніка 1999 году да траўня 2000 года Завадскі працаваў у Чачні, дзе з Шараметам здымаў фільм «Чачэнскі дзённік».

Раніцай 7 ліпеня 2000 года Завадскі выехаў з дому ў Нацыянальны аэрапорт Менск сустракаць Шарамета, які прылятаў з Масквы. З тых часоў аператара ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.

У 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватым у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС "Алмаз" Валерыя Ігнатовіча, які сустракаўся з ім у Чачні. Ігнатовіч, а таксама прызнаны вінаватым у выкраданні Максім Малік асуджаныя на пажыццёвае зняволенне. Былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза і беспрацоўнага Сяргея Савушкіна, якія таксама праходзілі падазраванымі паводле гэтай справы, у выніку прызналі вінаватымі ва ўчыненні іншых злачынстваў і асудзілі на 25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму адпаведна.

27 лістапада 2003 году суд Фрунзенскага раёна Менска прызнаў Завадскага памерлым, хоць ягонае цела так і не было выяўлена. У сакавіку 2004 года пракуратура прыпыніла расследаванне справы аб выкраданні Завадскага «ў сувязі з неадшуканнем без вестак зніклай асобы». У 2005 годзе расследаванне было адноўленае, але ў красавіку 2006 года зноў прыпынена.

У студзені гэтага года ўдава Завадскага атрымала афіцыйны адказ Следчага камітэта з адмовай аднавіць прыпыненае папярэдняе расследаванне паводле справы выкрадзенага аператара.

У вачах грамадскасці абвінавачванне паводле справы Завадскага і судовае разбіральніцтва было сфабрыкавана з мэтай замяць шум вакол выкрадання. За краты былі адпраўленыя ўжо незапатрабаваныя выканаўцы, што выконвалі раней на замову ўлады іншыя злачынствы, але не датычныя да знікнення Змітра Завадскага.

У пачатку 2000-х гадоў былі апублікаваныя дакументы, з якіх вынікала, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі актывістамі расправіўся спецыяльна створаны для гэтага «эскадрон смерці».

Патрабаванне раскрыць праўду аб знікненні журналіста ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі правоў чалавека ААН, Парламенцкіх Асамблей Рады Еўропы і АБСЕ. Экс-міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, дарадцу Лукашэнкі Віктару Шэйману, былым кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру СОБРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у ЗША і краіны Еўразвязу з прычыны таго, што яны падазраюцца ў датычнасці да яго знікнення, а таксама да выкрадання людзей ў Беларусі.

17 снежня 2019 года «Нямецкая хваля» апублікавала сенсацыйнае прызнанне былога байца СОБРу Юрыя Гараўскага.

У верасні 2019 гады Юры Гараўскі звярнуўся ў расейскую рэдакцыю «Нямецкай хвалі», заявіўшы, што 20 гадоў таму ўдзельнічаў у выкраданнях і забойствах беларускіх апазіцыянераў - апанентаў Лукашэнкі. Гараўскі сцвярджае, што ў 1999-2003 гадах быў байцом СОБРа - спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі. Са слоў Гараўскага, на загад зверху разам з таварышамі са службы ён выкраў і забіў экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранку, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, які падтрымліваў беларускую апазіцыю.

Увесну і ўвосень 1999 гады гэтыя тры чалавекі прапалі. Расследаванне іх знікненняў у Беларусі да канца даведзена не было. У 2004 годзе спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Хрыстас Пургурыдэс, вывучыўшы ўсе абставіны, прыйшоў да высновы, што Захаранка, Ганчара і Красоўскага выкралі і забілі байцы СОБРу пад камандаваннем падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі з ведама кіраўніцтва краіны. Такую версію падзяляюць праваабаронцы і родныя зніклых, але пацвердзіць яе пакуль не ўдалося.

41-гадовы Юрый Гараўскі ўцёк з Беларусі ў Еўропу, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Ён паказаў DW арыгіналы і копіі некаторых дакументаў, якія пацвярджаюць ягоныя сцверджанні.

Апошнія навіны