BE RU EN

Ураган разбурыў намётавы лагер у Краснаярскім краі

  • 5.07.2020, 19:13

Праз моцны вецер на палаткі з адпачывальнікамі ўпалі дрэвы.

Ураган разбурыў намётавы лагер у Дзяржынскім раёне Краснаярскага краю. У выніку стыхіі намёты, у якіх знаходзіліся адпачывальнікі, былі заваленыя дрэвамі, паведамляе РБК са спасылкай на прэс-службу рэгіянальнай службы МНС Расеі.

«Пры праходжанні навальнічнага фронту позняй ноччу 5 ліпеня на папулярным месцы адпачынку жыхароў Дзяржынскага раёна - возеры Маслееве - падчас навальніцы і моцнага ветру паваліла больш за дзесятак дрэў. У гэты час на беразе возера ў бары ў намётах спалі людзі», - гаворыцца ў паведамленні.

ФОТА: МНС РАСЕІ

Ва ўстанове адзначылі, што на намёты ды аўтамабілі ўпалі хвоі, у выніку чаго адзін чалавек загінуў, яшчэ пяцёра пацярпелі. Сярод пацярпелых быў 14-гадовы падлетак. Аб стане пацярпелых не паведамляецца.

Журналісты звярнуліся па каментар у прэс-службу губернатара Краснаярскага краю.

ФОТА: МНС РАСЕІ

Дрэвы, як паведамілі ў міністэрстве, пашкодзілі блізу 20 машын і зламалі дзесяць намётаў. Выратавальнікі ў часе работ для ліквідацыі здарэння расчысцілі тэрыторыю ад завалаў і распілавалі паваленыя дрэвы. Да ліквідацыі наступстваў непагадзі былі прыцягнуты 33 чалавекі і дзесяць адзінак тэхнікі.

Пракуратура Краснаярскага краю пачала праверку інцыдэнту. «На даручэнне пракурора Краснаярскага краю арганізаваная праверка факту разбурэння намётавага лагеру, якое адбылося позняй ноччу 5 ліпеня 2020 года на беразе возера Маслеева ў Дзяржынскім раёне», - гаворыцца ў паведамленні.

ФОТА: МНС РАСЕІ

Апошнія навіны