Эксперты расказалі, чаму каранавірус нельга лекаваць антыбіётыкамі
- 4.07.2020, 13:43
Пры лекаванні COVID-19 многія робяць грубую памылку.
Каранавірус 2020 некаторыя да гэтага часу спрабуюць лячыць антыбіётыкамі. Аднак падобныя дзеянні з'яўляюцца бессэнсоўнымі, бо COVID-19 адрозніваецца ад бактэрыяльных інфекцый. Пра гэта ў сацыяльнай сетцы Facebook паведамляе Цэнтр грамадскага здароўя Украіны.
У сетцы актыўна распаўсюджваецца міф, нібыта каранавірусная хвароба ўзнікае праз бактэрыяльнае заражэнне. Аднак апублікаваныя навуковыя даследаванні пацвярджаюць, што COVID-19 развіваецца з прычыны інфіцыравання вірусам SARS-COV-2, які шкодзіць дыхальнай сістэме і не павінен лекавацца антыбіётыкамі.
Ёсць рэдкія выпадкі, калі ў некаторых хворых адбываецца ўскладненне і развіваецца бактэрыяльная інфекцыя. Толькі ў такім выпадку для лекавання выкарыстоўваюць антыбіётыкі, аднак у цэлым каранавірус імі не вылечыць.
Калі вы адчуваеце, што захварэлі – адпачывайце, піце шмат вадкасці і добра сілкуйцеся. Заставайцеся ў асобным ад іншых чальцоў сям'і пакоі, а паверхні, да якіх вы часта датыкаецеся, не забывайцеся рэгулярна мыць і дэзынфекаваць.
Знаходзячыся дома, прытрымлівайцеся здаровага ладу жыцця. Таксама рэкамендуецца правільна харчавацца, выконваць распарадак дня, рэжым сну і захоўваць рухальную актыўнасць.