BE RU EN

Андрэй Курэйчык: Пасля выбараў у нас з'явіцца новы прэзідэнт

  • 30.07.2020, 20:55

Вядомы рэжысёр выступіў на мітынгу Святланы Ціханоўскай.

Беларусы павінны ўзяць на сябе адказнасць за гэтыя выбары, заявіў рэжысёр Андрэй Курэйчык, выступаючы 30 ліпеня на перадвыбарным мітынгу кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Менску, паведамляе БелаПАН.

Курэйчык коратка выклаў гісторыю прыходу ў палітыку блогера Сяргея Ціханоўскага, які меўся балатавацца на пасаду прэзідэнта, але быў затрыманы і цяпер абвінавачваецца паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Рэжысёр назваў Ціханоўскага «беларускім Лансэлотам», які кінуў выклік Дракону. «Калі Сяргея кінулі ў турму, я зразумеў, што ў нас з'явіўся яшчэ адзін рыцар - Святлана Ціханоўская, якая ўзяла на сябе адказнасць за лёс беларусаў, таму што яна любіць Беларусь, а мы павінны ўзяць на сябе адказнасць за гэтыя выбары», - заявіў Курэйчык.

Ён сказаў, што з'яўляецца прыхільнікам тэорыі шасці поціскаў рукі: «Калі кожны з нас, прыхільнікаў перамен, пераканае шэсць чалавек зарэгістравацца ў сістэме «Голас»(сістэма, прапанаваная аб'яднаным штабам Ціханоўскай для павышэння празрыстасці падліку галасоў. - Заўвага), галасаваць за Ціханоўскую, ісці ў назіральнікі, то 9 жніўня нас будзе большасць».

Курэйчык пажадаў усім удзельнікам мітынгу, каб пасля выбараў у іх з'явіўся новы прэзідэнт.

У завяршэнне рэжысёр прачытаў адрасаваны беларускаму народу верш Алеся Ліпая - паэта, стваральніка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, які памёр у жніўні 2018 года.

Апошнія навіны