Жыхары Горак расказалі, як іх сем'і сутыкнуліся з каранавірусам
- 3.07.2020, 20:20
Лекаванне доўжыцца месяцамі.
Журналісты horki.info запыталіся ў простых мінакоў у Горках, ці сутыкаліся яны з новым каранавірусам.
Юлія:
– Мая мама і я перахварэлі на пнеўманію, я вось толькі выпісалася. Нас абедзвюх лячылі ў шпіталі. Мама ў сакавіку справілася за тыдзень, а я лячылася блізу месяца.
Валянціна Анатольеўна:
– І нават са смяротным зыходам. Прыкладна тыдзень таму памерла знаёмая ва ўзросце 70 гадоў. Наколькі я ведаю, у яе быў пацверджаны каранавірус. Я берагуся, разумею, што небяспека рэальна існуе. Увесь час нашу маску ў грамадскіх месцах. Хачу папрасіць жыхароў горада: людзі, калі ласка, выконвайце дыстанцыю.
Юры Сцяпанавіч:
– У суседзяў у доме было – кажуць, сям'я перахварэла на каранавірус. Я бачыў, як іх "хуткая" забірала, лекаваліся ў Горках. Я гэтай заразы, вядома, асцерагаюся.