Каранавірус: Нюх і смак вяртаюцца цягам месяца, але не ва ўсіх
- 3.07.2020, 18:19
Звесткі з новага даследавання.
Паводле звестак новага даследавання, амаль у 90% з тых, хто страціў нюх і смакавыя адчуванні ў выніку інфікавання каранавірусам, яны аднаўляюцца цягам месяца, паведамляе ВВС.
Як вызначылі італьянскія медыкі, у 49% пацыентаў нюх ці страчанае пачуццё смаку аднавіліся цалкам, а ў 40% успрыманне паху і смаку хоць і не вярнулася цалкам, палепшылася. Аднак у 10% сімптомы не змяніліся або нават пагоршыліся.
Беручы да ўвагі размах цяперашняй пандэміі, эксперты папярэджваюць, што для многіх тысячаў людзей гэтыя наступствы могуць стаць доўгатэрміновымі.
Змены ўспрымання смаку і паху або поўная іх страта прызнаныя аднымі з асноўных сімптомаў каранавірусу. Паводле рэкамендацыі лекараў Нацыянальнай службы аховы здароўя Брытаніі (NHS), тыя, хто адчувае падобныя сімптомы, павінны самаізалявацца разам з чальцамі сваёй сям'і і здаць аналіз на каранавірус.
Як звязаныя сімптомы з цяжкасцю хваробы
Міжнародная група лекараў вывучыла працяканне хваробы ў 187 італьянцаў з даволі лёгкім працяканнем каранавіруснай інфекцыі, якое не патрабавала шпіталізацыі.
Іх папрасілі ацаніць свой нюх адразу пасля таго, як ім быў пастаўлены дыягназ Covid-19, а потым праз месяц.
Сімптомы хваробы Covid-19
Змену пачуцця смаку або нюху адзначылі ў сябе 113 чалавек, з іх:
– 55 чалавек адзначылі, што ўсе адчуванні вярнуліся ў поўнай ступені;
– 46 – прыкметнае паляпшэнне сімптомаў;
– 12 – сімптомы засталіся або пагоршыліся.
У людзей з ярка выяўленай сімптаматыкай выздараўленне заняло больш часу.
Доктарка Клэр Хопкінс, якая ўваходзіла ў гэтую даследчую групу і з'яўляецца прэзідэнткай Брытанскага таварыства рынолагаў, паведаміла, што яе каманда ў цяперашні момант прадаўжае вывучаць, як адчуваюць сябе тыя, у каго сімптомы хваробы доўжацца доўга.
"Назіранні за іншымі віруснымі захворваннямі, як і новыя звесткі, якія мы прадаўжаем збіраць, даюць падставу выказаць здагадку, што вялікая частка людзей папраўляецца хутка, але для некага гэты працэс можа задоўжыцца", – пракаментавала яна ў інтэрв'ю.
"У тых, хто хутка здаравее, каранавірус, хутчэй за ўсё, кранае толькі клеткі слізістай носа. У тых, хто аднаўляецца павольней, магчыма, гэты вірус кранае нервовыя канцы, якія ўдзельнічаюць у перадачы пачуцця паху. А гэтыя нервовыя клеткі даўжэй аднаўляюцца і рэгенеруюцца", – сказала Клэр Хопкінс.
Звесткі гэтых даследаванняў апублікаваныя ў спецыялізаваным часопісе для оталарынголагаў Амерыканскай медыцынскай асацыяцыі – JAMA Otolaryngology – Head and Neck Surgery.
Як піша ў гэтым жа выданні Джошуа Леві з амерыканскага Універсітэта Эмары, "нават беручы да ўвагі высокі адсотак поўнага аднаўлення, ашаламляльная колькасць тых, хто пацярпеў ад гэтай пандэміі, прымушае выказаць здагадку з пэўнасцю, што мы будзем заваленыя пацыентамі з захаванымі сімптомамі".
Ён таксама адзначае, што ім, на жаль, мала чым можна будзе дапамагчы.
Адным са сродкаў для людзей з доўгай стратай нюху можа быць тэрапія, да якой звяртаюцца ў падобных выпадках, напрыклад навучанне і развіццё смакавых і нюхальных рэцэптараў.