Пацыент з Берасця: За дзень у шпіталь прывозяць 150 пацыентаў з падазрэннем на COVID-19
- 3.07.2020, 12:04
Каранавірус лютуе ў абласным цэнтры.
За дзень у Берасцейскую цэнтральную гарадскую лякарню прывозяць 150 пацыентаў з падазрэннем на каранавірус і пнеўманію. У гарадской клініцы №2 некалькі аддзяленняў закрываюць праз хваробу працаўнікоў, піша тэлеграм-канал "Баста!".
"Ляжу ў Берасцейскай гарадской цэнтральнай лякарні. За дзень, са слоў медсястры, прывозяць больш за 150 чалавек з падазрэннем на каранавірус. Ложкі ў праходзе стаяць. Тое, што нібыта 380 чалавек па краіне, - гэта нахабная хлусня.
Зараз абед, а мы толькі за паўдня налічылі 5 мікрааўтобусаў "Рытуальныя паслугі", якія пад'язджалі да лякарні", - піша чытач.
"Сябар працуе на хуткай. Ім забаронена рабіць тэсты на каранавірус для памяншэння статыстыкі, хоць тэстаў і так няма. Звычайна зімой у іх 400 выклікаў за дзень, летам - блізу 200. Цяпер таксама 400, як і зімой. З іх 300 – патэнцыйна "кавідныя".
У адмыслова цяжкіх выпадках проста возяць у лякарню - тэстаў ўсё адно няма, а рэагаваць хоць неяк трэба. Некаторыя работнікі пахаў не адчуваюць, але ўсяму кіраўніцтву плявац ", - кажа падпісант з Берасця.
"Берасце, гарадская клініка №2. Закрыта аддзяленне тэрапіі, бо ўсе лекары і медсёстры хварэюць на каранавірус або пнеўманію. Таксама цяпер збіраюцца зачыніць аддзяленне неўралогіі з той жа прычыны", - піша чытач.
Сцягвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Баста» і стварайце гісторыю свабоднай Беларусі..