BE RU EN

Стала вядома, у чым улады абвінавачваюць Віктара і Эдуарда Бабарыкаў

  • 2.07.2020, 17:26

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты і ягоны сын прызнаныя палітычным вязнямі.

Сталі вядомыя артыкулы КК, паводле якіх улады абвінавачваюць патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыку, ягонага сына і кіраўніка перадвыбарчага штаба Эдуарда Бабарыку. «Спіс крымінальных спраў апеляцыйнай інстанцыі, прызначаных да слухання» вывешаны ў Менскім гарадскім судзе, піша tut.by.

Паводле спісу, Віктару Бабарыку выстаўленае абвінавачванні на падставе ч.2 арт.235 (Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, учыненая паўторна, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо ў асабліва значнай суме), ч.2 арт.243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула шкоду ў асабліва значнай суме) і ч.2 арт. 431 (Дача хабару паўторна або ў значнай суме) КК РБ.

Эдуард Бабарыка абвінавачваецца на падставе ч.2 арт.243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва значнай суме) КК РБ.

У тым жа спісе фігуруюць яшчэ два прозвішчы людзей, якія праходзяць паводле так званай справы «Белгазпрамбанка». Карака Дзмітрый - асабісты памочнік і каардынатар ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі абвінавачваецца паводле ч.2 арт.243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула шкоду ў асабліва значнай суме). Марозаў Антон (працаваў у юрыдычным аддзеле «Белгазпрамбанка», мае долю ў кампаніі «ПрыватЛізінг» і ўваходзіць у назіральную раду страхавой кампаніі «Кентаўр») – на падставе ч.2 арт.235 (Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, учыненая паўторна, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо ў асабліва значнай суме) і ч.2 арт.243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула шкоду ў асабліва значнай суме).

Галоўны апанент дыктатара Лукашэнкі на гэтых выбарах быў затрыманы раніцай 18 чэрвеня, калі разам з сынам Эдуардам Бабарыкам накіроўваўся ў ЦВК здаць сабраныя подпісы. За вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Віктара Бабарыкі падпісаліся блізу паўмільён беларусаў.

Незалежныя экспэрты і праваабаронцы перакананыя, што крымінальны пераслед Віктара Бабарыкі - выключна палітычная расправа.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Аmnesty International прызнала Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда вязнямі сумлення.

Апошнія навіны