BE RU EN

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Выбары павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі

  • 2.07.2020, 15:12

Кіраўнік Каталіцкага касцёла Беларусі зрабіў заяву ў Будславе, на ўрачыстасцях, прысвечаных абразу Маці Божай Будслаўскай.

Каталіцкі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Менска-Магілёўскі, 2 ліпеня падчас Імшы ў Будславе (Менская вобласць), дзе праходзяць традыцыйныя ўрачыстасці, прысвечаныя абразу Маці Божай Будслаўскай, закрануў тэму прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, паведамляе telegraf.by.

«З Евангелля мы ведаем, што Ісус сцішыў буру на моры і сказаў апосталам не баяцца. Таксама і мы не павінны баяцца і насцеж адчыніць дзверы нашых сэрцаў Ісусу, каб ён быў у нас і ў нашым народзе, які выбірае сваю будучыню. Карабель, імя якому Беларусь, сёння знаходзіцца на ўзбуджаным сацыяльна-палітычнымі хвалямі моры. Выбары, якія перад намі, павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі. Яны павінны праходзіць у духу ўзаемапавагі паміж рознымі грамадскімі і палітычнымі сіламі.

Закладзены Творцам у чалавечай прыродзе прынцып свабоднай волі прадугледжвае магчымасць свабоднага выбару, што будзе спрыяць так патрэбнай у наш час кансалідацыі нашага грамадства. Паводле вучэння святога Яна Паўла II, у разнароднасці павінна выяўляцца адзінства ў імя дасягнення агульнага дабра для адзінай нашай Айчыны, імя якой - Беларусь.

Таму не будзем баяцца цяжкасцяў, бо Ісус з намі. Калі даверыцца яму, а розныя грамадскія і палітычныя сілы будуць дзейнічаць згодна з духам Евангелля і клапаціцца аб супольным дабрабыце нашай краіны, то Ісус дапаможа нам розным (розным - гэта натуральна) быць адным народам, які ўзаемна любіць і паважае адзін аднаго, а буру заменіць штыль».

Апошнія навіны