Большасць польскіх грамадзян у Беларусі галасавалі за Дуду
- 13.07.2020, 16:01
У Беларусі Дуда апярэдзіў Тшаскоўскага на 10 галасоў.
Паводле інфармацыі польскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у Рэспубліцы Беларусь, за Анджэя Дуду прагаласавалі 189 польскіх грамадзян, а за ягонага апанента Рафала Тшаскоўскага - 179, піша «Радыё Рацыя».
Галасаванне ў другім туры выбараў прэзідэнта Польшчы праходзіла ў выбарчых камісіях, створаных пры пасольстве Польшчы ў Менску і ў генеральных консульствах у Гародні і Берасці. Пасля публікацыі пратакола старшыні камісіі 60 чалавек прагаласавалі за Анджэя Дуду ў Менску, за Рафала Тшаскоўскага - 90. У Гародні прэзідэнт атрымаў 103 галасы, а ягоны апанент - 59. У Берасці прагаласавалі 26 выбаршчыкаў за Дуду і 30 за Тшаскоўскага.
Выбары праводзіліся з выкарыстаннем санітарна-гігіенічных нормаў - былі неабходныя маскі, дэзінфекцыя рук і захаванне дыстанцыі.
Некаторыя выбаршчыкі - 29 у Менску, 18 у Гародні і 7 у Берасці - прагаласавалі праз пошту.