«Двор гудзе ад музыкі, дзеткі ўнізе пляскаюць у ладкі»
- 11.07.2020, 13:11
Як праходзіць Флэшмоб салідарнасці ў Магілёве.
Тэлеграм-канал «Баста!» апублікаваў ліст чытачкі Людмілы з Магілёва.
«Жыву ў самым цэнтры Магілёва, вуліца Касманаўтаў. Толькі пару дзён таму даведалася пра Флэшмоб салідарнасці. Дагэтуль чула па вечарах «Перамен», але не звяртала ўвагі. А зараз ужо два дні адкрываю акно, уключаю маю каханую «Муры рухнуць» і радуюся таму, што я не адна. Двор гудзіць ад музыкі, дзеткі ўнізе пляскаюць у ладкі.
Калі такое бачыш - нішто ўжо не зламае ўпэўненасці ў тым, што перамога блізкая. Але і сядзець склаўшы рукі нельга, трэба гаварыць з суседзямі, сябрамі, распавядаць, што можна рабіць, як можна падтрымаць Сяргея Ціханоўскага і астатніх зняволеных.
Упэўненая, усё ў нас атрымаецца», - піша Людміла з Магілёва.
Беларускія блогеры і актывісты прапанавалі праводзіць Флэшмоб салідарнасці. Мэта акцыі - падтрымаць медыкаў, якія змагаюцца за нашыя жыцці і герояў, якія зараз знаходзяцца за кратамі.
Кожны дзень а 19:00 у знак салідарнасці адкрываем вокны кватэр, выходзім на балконы, пляскаем, стукаем у рондалі або ўключаем музыку. Усяго 2 хвіліны - але кожны дзень і да перамогі!