BE RU EN

Навукоўцы падлічылі, колькі чалавек трэба для каланізацыі Марса

  • 10.07.2020, 19:01

Спецыялісты пабудавалі мадэль, каб праверыць, ці можна каланізаваць Марс паводле плана Ілана Маска.

Прынамсі 110 чалавек павінны перасяліцца на Марс, каб першая калонія магла выжыць. Да такіх высноў прыйшлі навукоўцы з універсітэта Бардо ў Францыі, пабудаваўшы матэматычную мадэль аўтаномнага паселішчы на іншай планеце (для прыкладу яны ўзялі Марс, але выведзеную формулу можна ўжыць і для іншых планет), піша сайт euro-pulse.ru.

Навукоўцы пабудавалі гэтую мадэль, каб праверыць, ці можна каланізаваць Марс згодна з планам, які прапанаваў Ілан Маск. У якасці першых перасяленцаў амерыканскі прадпрымальнік абяцае адправіць на Марс 100 добраахвотнікаў; значная частка жыццёва неабходных рэсурсаў для іх павінна будзе пастаўляцца з Зямлі.

Французскія навукоўцы зыходзілі з таго, што міжпланетныя пастаўкі - гэта занадта дорага, і праводзіць іх будзе вельмі нявыгадна. Таму яны разлічылі, колькі чалавек змогуць падтрымліваць аўтаномна існую калонію, якая выкарыстоўвае марсіянскія рэсурсы: мінералы, атмасферныя газы і нават ваду.

Таксама ў мадэлі мяркуецца, што кожны перасяленец зможа працаваць на падтрыманне калоніі і надаваць гэтаму блізу траціны свайго часу (31% дня). Перасяленцам для гэтага павінны быць даступныя ўсе сучасныя тэхналогіі, у тым ліку сельскагаспадарчыя, будаўнічыя, тэхналогіі 3D-друку і гэтак далей. У выніку высветлілася, што на Марсе зможа выжыць супольнасць памерам не менш за 110 чалавек - пры ўмове, што ўсе яны будуць добра падрыхтаваныя, а іх навыкі будуць дапаўняць адзін аднаго.

У Еўропе ідэі для марсіянскіх паселішчаў распрацоўваюць не толькі тэарэтычна. Напрыклад, фінская кампанія Solar Foods распрацавала тэхналогію атрымання бялкоў з вады, электрычнасці і невялікай колькасці мінеральных элементаў: такая дыета дапаможа перасяленцам пратрымацца да стварэння плантацый, дзе яны змогуць вырошчваць гародніну, траву і іншую ежу. Як менавіта можна гэта зрабіць, прыдумала дацкая кампанія Groen Agro Control. Яе супрацоўнікі разлічылі, як найбольш эфектыўна выкарыстоўваць урадлівую глебу і якія мінералы могуць часткова замяніць арганічныя ўгнаенні.

Апошнія навіны