BE RU EN

Пуцін дазволіў афшорным мільянерам не дэклараваць даходы

  • 10.07.2020, 17:29

Расейскія алігархі атрымліваюць фантастычную палёгку што да падаткаў.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін загадаў істотна змякчыць і спрасціць падатковы рэжым для заможных грамадзян, якія звыклі размяшчаць прыбытак за межамі краіны, паведамляе finanz.ru.

Расейскія падатковыя рэзідэнты - фізічныя асобы змогуць плаціць фіксаваны ПДФА з замежных даходаў без іх дэкларавання. Як паведамляе «Інтэрфакс», унесці адпаведныя змены ў заканадаўства Пуцін даручыў да 24 ліпеня.

У рамках новага рэжыму расейцы змогуць заплаціць 5 млн рублёў на год і не падаваць дэкларацыі ў ФПС аб заробках, атрыманых за мяжой.

Пра змены ў падаткаабкладанні кантраляваных замежных кампаній (КЗК), якія былі краевугольным каменем праграмы дэафшарызацыі, Пуцін абвясціў у звароце да грамадзян 24 чэрвеня.

З 2017 года людзі, якія валодаюць больш чым 25% КЗК, чый не размеркаваны прыбытак перавышае 10 млн рублёў на год, плацілі з яго падатак 13%. Са слоў Пуціна, гэта «складаная, грувасткая і заблытаная схема», якую трэба «кардынальна спрасціць», каб «даць стымул развіццю сучаснага, адказнага бізнэсу».

Новы механізм фактычна з'яўляецца «падарункам алігархам» і вяртае падатковы рэжым у рэальнасць 1990-х, адзначае заснавальнік Movchans Group Андрэй Моўчан.

«Пачынаючы з даходу на 1 млн даляраў за год (кансерватыўны даход з капіталу 20 млн даляраў) вы атрымліваеце зніжэнне падаходнага падатку. Калі вы ўладальнік КЗК і зарабляеце, да прыкладу, 8 млн даляраў (амаль 500 млн рублёў) на год, ваш падатак складзе мізэрны 1%». Калі ж заробак дасягае 10 млн даляраў на год, то стаўка апускаецца да 0,1%.

«Людзі, якія валодаюць істотнымі актывамі, у большасці сваёй тыя самыя алігархі, якія нечакана атрымліваюць фантастычную палёгку ў падатках», - робіць выснову Моўчан.

Пры гэтым для верхняй праслойкі сярэдняга класа, наадварот, прадугледжанае падвышэнне ПДФА да 15%. «То бок, людзі, якія зарабляюць не на рэнце, а рэальна будуюць эканоміку краіны, атрымліваючы заробкі, - заплацяць падаходны, у 15 разоў большы і ў дадатак выплацяць унёскі ў сацыяльны і пенсійны фонды, тады як даходы ад КЗК не прыносяць ні пенсійных, ні сацыяльнага падатку», - паказвае Моўчан.

«Фактычна мы назіраем, як развальваецца эканамічная палітыка, якую нам дэкларавалі і падавалі 20 гадоў як палітыку прымата сацыяльных задач, - піша ён. - Дзяржава адварочваецца ад тых, хто корміць пенсіянераў, утрымлівае медыцыну і будуе эканоміку, ствараючы ўнікальныя ўмовы для ўладальнікаў капіталаў, прычым не ўсіх, а толькі тых, хто інвестуе іх за мяжой».

Апошнія навіны