BE RU EN

Колькасць насельніцтва Зямлі дасягнула 7,8 млрд чалавек

  • 10.07.2020, 14:29

Насельніцтва нашай планеты штогод павялічваецца на 82 млн чалавек.

Колькасць насельніцтва Зямлі дасягнула 7,8 млрд чалавек, паведаміў у пятніцу, 10 ліпеня, нямецкі фонд "Насельніцтва Зямлі" (Stiftung Weltbevölkerung – DSW) напярэдадні 11 ліпеня – Сусветнага дня народанасельніцтва. У паведамленні фонду адзначаецца, што насельніцтва нашай планеты штогод павялічваецца на 82 млн чалавек. Ва ўсім свеце кожныя 10 секундаў нараджаюцца ў сярэднім 26 дзяцей, паведамляе DW.

Эксперты DSW адзначаюць, што прычынай росту народанасельніцтва з'яўляецца, у ліку іншага, вялікая колькасць непажаданых цяжарнасцяў, паколькі ў многіх рэгіёнах, асабліва ў краінах трэцяга свету, жанчыны і дзяўчынкі не могуць свабодна распараджацца сваім целам. У цэлым па ўсім свеце непажаданымі з'яўляюцца дзве з кожных пяці цяжарнасцяў. Эксперты адзначаюць, што выправіць становішча маглі б сэксуальная асвета і ўжыванне супрацьзачаткавых сродкаў.

Асабліва цяжкая сітуацыя, паводле звестак DSW, склалася ў афрыканскім рэгіёне на поўдзень ад Сахары, дзе доступу да супрацьзачаткавых сродкаў пазбаўленая кожная другая жанчына. Нягледзячы на скарачэнне нараджальнасці ў гэтым рэгіёне за апошнія гады, тут на кожныя 10 жанчын па-ранейшаму прыпадае 44 дзіцяці (у сярэднім у свеце – 24 дзіцяці). У выніку колькасць жыхароў гэтага рэгіёну, паводле прагнозаў ААН, да 2050 года вырасце з 1,3 млрд да 2,5 млрд чалавек.

Апошнія навіны