BE RU EN

Пантофлевая рэвалюцыя: асаблівасці пратэстаў у Беларусі

  • 9.06.2020, 9:59

Беларусы становяцца ў велізарныя чэргі, каб паставіць подпісы за апанентаў Лукашэнкі.

У Беларусі стартавала перадвыбарная кампанія. І ў ёй больш інтрыгі, чым звычайна ў перавыбарах Лукашэнкі, піша ўкраінскае выданне korrespondent.net.

1 чэрвеня на 15 дзён арыштавалі апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча паводле артыкула аб парушэнні правілаў правядзення мітынгаў.

Напярэдадні адразу ў некалькіх гарадах Беларусі праходзілі пікеты для збору подпісаў незалежных кандыдатаў у прэзідэнты, Статкевіч быў затрыманы па дарозе на адзін з іх. Агулам ва ўсёй краіне на пікетах, якія не патрабуюць спецыяльнага ўзгаднення, былі затрыманыя больш за 20 чалавек.

Блогер Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 6 траўня па дарозе на адну з сустрэч з выбарцамі - яго арыштавалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Святлана зарэгістравалася замест яго - фармальных падстаў адмовіць ёй ЦВК не знайшоў. Яго арыштавалі проста перад рэгістрацыяй кандыдатам у прэзідэнты. Гэта прывяло да стыхійных акцый салідарнасці па ўсёй краіне.

Фота: EPA/UPG

Ціханоўскага вызвалілі з-пад адміністрацыйнага арышту 20 траўня. Але стаць кандыдатам у прэзідэнты ён ужо не паспеў. Замест яго балатуецца ягоная жонка Святлана.

На электаральную перамогу на выбарах сям'я Ціханоўскіх не разлічвае і пакуль не плануе падтрымліваць каго-небудзь з іншых прэтэндэнтаў. "Калі Лукашэнка будзе далей удзельнічаць, а (кіраўніца беларускага ЦВК Лідзія) Ярмошына лічыць, то заклікаць на такія выбары мы не будзем", - заявіў блогер на пікеце ў Магілёве 27 траўня.

Пікеты для збору подпісаў

У адпаведнасці з беларускай Канстытуцыяй, для таго, каб стаць кандыдатам у прэзідэнты, трэба сабраць мінімум 100 тысяч подпісаў. Зрабіць гэта трэба на працягу месяца, да 19 чэрвеня, пастанавіў ЦВК краіны.

Каманда Ціханоўскага арганізоўвае масавыя пікеты для збору подпісаў. У Менску, Гомелі, Гародні, Магілёве, Берасці, Віцебску і іншых гарадах краіны. Людзі становяцца ў чэргі, каб пакінуць подпіс за вылучэнне ў прэзідэнты жонкі блогера. Удзень 31 траўня ў Менску адначасова ў чарзе знаходзіліся тысячы чалавек - гэты ланцуг агінаў некалькі вуліц. Людзі стаяць так гадзінамі.

Фота: EPA/UPG

Сяргей Ціханоўскі тлумачыць, што пікеты для збору подпісаў патрэбныя для таго, каб паказаць уладам, як шмат беларусаў хочуць перамен. Паводле ягоных слоў, такія акцыі можна лічыць рэпетыцыяй "вялікага мірнага працяглага пратэсту".

У беларускім інтэрнэце тое, што адбываецца называюць "падпісной" ці "пантофлевай рэвалюцыяй". Такая назва звязаная з тым, што кампанія Сяргея Ціханоўскага праходзіць пад лозунгам "Стоп таракан": блогер параўноўвае Лукашэнку з тараканам, таму пантофля, як сродак барацьбы з тараканамі, стала сімвалам пратэсту. Людзі прыносяць на пікеты старыя пантофлі і складваюць іх у кучы.

Апошнія навіны