BE RU EN

Валер Карбалевіч: Метады Лукашэнкі спрацуюць супраць яго самога

  • 6.06.2020, 14:59

Даўно мы не бачылі такога засмучанага і няўпэўненага дыктатара.

Чым больш негатыўнай інфармацыі сам Лукашэнка і ягоныя падначаленыя ўкідваюць супраць альтэрнатыўных кандыдатаў, тым больш можа вырасці папулярнасць спаборнікаў дзейнага кіраўніка, піша ў артыкуле на «Радыё Свабода» палітолаг Валер Карбалевіч.

Падчас выбарчых кампаній звычайна Лукашэнка не ўвязваўся ў палеміку са сваімі спаборнікамі. За Лукашэнку шчыравалі дзяржаўныя медыя.

Адзіным прыкметным выключэннем былі выбары 2006 года, калі Аляксандр Казулін сваімі асабістымі выпадамі супраць беларускага кіраўніка вымусіў таго да адпаведнага адказу.

І тое, што цяпер Лукашэнка яшчэ ў самым пачатку выбарчай кампаніі стаў актыўна палемізаваць адразу з трыма сваімі апанентамі, вельмі незвычайна і адметна. Хоць, здавалася б, не ягоная гэта справа – публікаваць кампрамат на праціўнікаў, прычым даволі дробязны. Для гэтай задачы ёсць дзяржаўныя медыя, штатныя прапагандысты.

А тут нам паказваюць сюжэт, як Лукашэнка збірае ўвесь урад, каб у эмацыйнай форме заклікаць чыноўнікаў не верыць у вялізныя чэргі людзей, якія падпісваюцца за альтэрнатыўных кандыдатаў, маўляў, гэта спектакль. Даўно мы не бачылі такога засмучанага і няўпэўненага Лукашэнкі.

Што тычыцца «кампрамату» датычна Сяргея Ціханоўскага, ператрусаў і іншага. У інфармацыйнай вайне ёсць свае правілы. Эфектыўнасць кампрамату моцна залежыць ад даверу да крыніцы інфармацыі, папулярнасці асобы, якую імкнуцца зганьбіць, і іншых чыннікаў. Бываюць сітуацыі, калі палітык ператвараецца ў народнага куміра, і любая негатыўная інфармацыя адскоквае ад яго, як гарох ад сцяны. Нават наадварот, атрымліваецца адваротны эфект: чым больш кампрамату, тым большую папулярнасць набірае палітык. У сацыялогіі гэта называецца «эфектам адмоўнай адаптацыі».

У мяне ёсць адчуванне, што падобную сітуацыю мы маем сёння. Чым больш негатыўнай інфармацыі сам Лукашэнка і ўлады ўкідваюць супраць альтэрнатыўных кандыдатаў, тым больш можа вырасці іх папулярнасць. Перш за ўсё таму, што давер да ўраднага рэжыму вельмі нізкі. І, значыць, нізкі ён і да той інфармацыі, якую гэты рэжым дае.

Да таго ж улады дзейнічаюць даволі груба, нязграбна. У якасці прыкладу можна згадаць сюжэт з затрыманнем Ціханоўскага ў Гародні. У афіцыйную версію таго эпізоду мала хто паверыў.

У паведамленні МУС пра знаходкі ў доме Ціханоўскага мяне асабліва ўразіла, што падчас ператрусу знайшлі і радыёстанцыю. Для поўнай карціны не хапіла знайсці ў склепе радыстку Кэт, якая перадавала ў Маскву шпіёнскую інфармацыю.

У часы, калі адбываліся тыя гісторыі ўзору 1994 года, ва ўладаў была манаполія на СМІ. Цяпер яе няма. Мы жывем у інфармацыйную эпоху. Парадак дня фармуюць сацыяльныя сеткі. Здаецца, гэта дрэнна разумее каманда Лукашэнкі. Яна працуе па-старому.

Апошнія навіны