BE RU EN

Экспэрты ААН раскрытыкавалі ўлады Беларусі

  • 5.06.2020, 20:21

Права беларусаў на свабоду выказвання меркавання павінна быць рэалізаванае.

Сёння, 5 чэрвеня, група экспэртаў ААН выказала сур'ёзную занепакоенасць у сувязі з узмацненнем рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, заявіўшы, што ўрад краіны павінны абараняць права на свабоду выказвання меркавання і спыніць душыць крытыку. Пра гэта паведамляецца на сайце Упраўлення Вярхоўнага Камісара ААН, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Экспэрты заявілі, што ў траўні не менш за 195 чалавек – між іншым, праваабаронцы, журналісты, блогеры, медыцынскія работнікі і іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці - былі арыштаваныя за тое, што яны выказалі свае погляды, ці за ўдзел у мірных акцыях пратэсту і пікетах для збору подпісаў і вылучэння кандыдатаў на прэзідэнцкія «выбары», прызначаныя на 9 жніўня.

«Мы сур'ёзна занепакоеныя тым, што гэтыя арышты, звязаныя з ажыццяўленнем свабоды мірных сходаў і свабоды меркаванняў і іх выказвання, аказваюць негатыўнае ўздзеянне на грамадзянскую супольнасць, незалежную прэсу і бесперашкоднае выказвання адмысловага меркавання», - сказала Анаіс Марэн, Спецыяльная дакладчыца ААН у пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Большасць інцыдэнтаў адбылося пасля арышту вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага, якога арыштавалі 6 траўня. Арышт Сяргея Ціханоўскага выклікаў пратэсты па ўсёй краіне, падчас якіх дэманстранты патрабавалі яго вызвалення. Знаходзячыся ў зняволенні, Сяргей Ціханоўскі абвесціў пра свой намер балатавацца ў прэзідэнты. Аднак яго рэгістрацыя была адхіленая, і гэта рашэнне выклікала новыя пратэсты ў некалькіх беларускіх гарадах, асабліва ў Горадні, дзе ён быў пасля паўторна арыштаваны 29 траўня.

Дагэтуль, прынамсі, 72 чалавекі былі аштрафаваныя і 69 чалавек былі арыштаваны на тэрмін да 15 дзён зняволення паводле абвінавачання ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

- Мы занепакоеныя тым, што абвінавачванні могуць быць выкарыстаны ў якасці інструмента, каб здушыць крытычныя галасы апазіцыйных кандыдатаў, праваабаронцаў, журналістаў, блогераў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, уключаючы медыцынскіх работнікаў. Асабліва сур'ёзнае абмежаванне права на свабоду выказвання меркаванняў напярэдадні «выбараў», - сказала Марэн.

Заўвагі Спецыяльнага дакладчыка падтрымалі Спецыяльны дакладчык у пытанні пра правы на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі Клеман Ньялетсосі Вуль, Спецыяльны дакладчык у пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лоўлар, Спецыяльны дакладчык у пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Дэвід Кае, Спецыяльны дакладчык у пытанні аб праве кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя Дайніус Пурас і Спецыяльны дакладчык у пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў Дыега Гарсія-Саян.

- За два месяцы да прэзідэнцкіх «выбараў» мы настойліва заклікаем урад спыніць практыку падаўлення галасоў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і забяспечыць плюралістычнае асяроддзе, у якім усе людзі могуць бяспечна і свабодна ажыццяўляць сваё права на пошук і распаўсюд інфармацыі, свае правы на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый, - заявіла Анаіс Марэн.

Апошнія навіны