BE RU EN

Барак Абама: У ЗША будуць змены

  • 4.06.2020, 18:03

Абама падтрымаў мітынгоўцаў у ЗША.

Былы прэзідэнт ЗША Барак Абама падчас відэаканферэнцыі 4 чэрвеня выказаўся ў падтрымку мітынгоўцаў у краіне, якія выступаюць супраць расізму і паліцэйскага самавольства, паведаміў тэлеканал CNN.

Ён заклікаў маладых афраамерыканцаў «не губляць надзею, нават калі яны злуюцца».

Абама падзякаваў мітынгоўцам і заклікаў іх не спыняцца, а таксама памятаць, што вулічных акцый недастаткова, трэба ў лістападзе ўзяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах.

«Перамены будуць, эпічныя перамены ў нашай краіне, якія будуць глыбейшымі, чым усе, што я бачыў у сваім жыцці», - цытуе Абаму «Голас Амерыкі».

На ягоную думку, большасць паліцыянтаў бачаць сваю працу ў тым, каб служыць і абараняць грамадзян, і гэта з'яўляецца «жыццёва важнай часткай» дыялогу.

Падчас выступу Абама не згадаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па імені, але пры гэтым сказаў, што прыйшоў час назваць праблемы і «прымусіць людзей ва ўладзе адчуваць сябе няўтульна».

Масавыя пратэсты ў ЗША пачаліся на мінулым тыдні пасля смерці затрыманага паліцыяй афраамерыканца Джорджа Флойда. Прычынай абурэнняў стала відэа, дзе паліцыянт цісне каленам на шыю мужчыны і той кажа, што не можа дыхаць. Патрульныя падазравалі Флойда ў тым, што ён расплаціўся падробленай 20-даляравай купюрай. Судмедэкспэртыза пацвердзіла, што мужчына памёр у выніку механічнай асфіксіі.

Паліцыянта, які ўжыў здушлівы прыём пры затрыманні Флойда, арыштавалі.

Пратэсты, якія пачаліся ў Мінеапалісе, распаўсюдзіліся па ўсёй краіне. Яны суправаджаюцца закалотамі і сутыкненнямі з паліцыяй, некаторыя дэманстранты падпальваюць аўто, б'юць вітрыны і рабуюць крамы. Улады шэрагу гарадоў увялі каменданцкую гадзіну, у некалькіх штатах для падаўлення беспарадкаў задзейнічалі жаўнераў Нацыянальнай гвардыі.

З пачатку пратэстаў у ЗША загінулі прыблізна 11 чалавек.

1 чэрвеня Дональд Трамп заявіў, што можа прыцягнуць узброеныя сілы для разгону дэманстрантаў на падставе закона 1807 года. Дзейны міністр абароны Марк Эспер выступіў супраць гэтай ідэі.

Апошнія навіны