BE RU EN

Прыбыццё амбасадаркі ЗША ў Беларусь чакаецца сёлета летам

  • 3.06.2020, 20:11

Прэзідэнт ЗША вылучыў на пасаду амбасадара ў Беларусі Джулі Фішэр.

Прыбыццё ў Менск амбасадаркі ЗША ў Беларусі чакаецца летам сёлета. Пра гэта паведаміла журналістам часовы павераны ў справах ЗША Джэніфер Мур, паведамляе БелТА.

Дыпламатка сёння ўзяла ўдзел у памятнай цырымоніі на месцы пахавання аднаго з удзельнікаў знакамітай сустрэчы на Эльбе Аляксандра Сільвашкі. Фатаграфія, дзе ён паціскае руку амерыканскаму лейтэнанту Уільяму Робертсану, стала хрэстаматыйнай, азнаменаваўшы сустрэчу хаўруснікаў у антыгітлераўскай кааліцыі.

«Я рада знаходзіцца тут у той момант, калі нашы двухбаковыя стасункі паляпшаюцца, калі ўжо гэтым летам у Беларусь прыедзе наш амерыканскі пасол і нашы народы выявяць, што ў нас ёсць больш агульнага, чым рознага», - сказала Джэніфер Мур.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп вылучыў на пасаду амбасадара ў Беларусі намесніцу памочніка дзяржсакратара ў справах Заходняй Еўропы і ЕЗ Джулі Фішэр. Яна можа стаць першай амбасадаркай ЗША ў Беларусі з 2008 года. Да гэтага яна з'яўлялася намесніцай пастаяннага прадстаўніка ЗША пры NATO, часовым павераным у справах ЗША ў Расеі, працавала ў амерыканскіх пасольствах у Грузіі і Украіне.

Апошнія навіны