BE RU EN

Акупацыйныя ўлады не могуць развязаць пытанне вады для Крыма

  • 3.06.2020, 16:12

Жыхароў паўвострава плануюць прымусіць да жорсткай эканоміі.

Расейскія ўлады, якія анэксавалі Крым, не здольныя развязаць праблемы з водазабеспячэннем паўвострава, - піша выданне «Проект». Пасля анэксіі рэгіёну Украіна пазбавіла жыхароў доступу да вады з Паўночна-Крымскага канала. На развязанне праблемы расейскі федэральны бюджэт запланаваў выдзеліць дзесяткі мільярдаў рублёў, але запланаваныя вадасховішчы не пабудаваныя, праекты для развязання праблемы мяняюць адзін аднаго, а жыхароў плануюць прымусіць да жорсткай эканоміі, паведамляе «Радыё Свабода».

Да моманту анэксіі Крыма блізу 85 адсоткаў вады паступала ў рэгіён менавіта праз Паўночна-Крымскі канал, - піша «Проект». Цяпер на праграму водазабеспячэння рэгіёну ўлады запланавалі выдаткаваць 87,5 мільярда рублёў. Раней за гэтыя грошы цягам шасці гадоў павінны былі пабудаваць і рэканструяваць 69 аб'ектаў водазабеспячэння і каналізацыі. Большая частка работ не праведзеная, бюджэт на іх павялічаны, а лік запланаваных мерапрыемстваў скараціўся.

Усе шэсць гадоў акупацыі Крыма афіцыйныя асобы кажуць, што рэгіён справіцца і без украінскай вады. Аднак інфраструктура разбураная і на яе рамонт дастаткова грошай не выдзяляецца, а на праектных работах водазабеспячэння выяўляюцца махінацыі. У выніку ўлады прапаноўваюць перавесці частку гарадоў паўвострава на дыферэнцыраваны тарыф. Тыя, хто марнуе мала вады, будуць плаціць менш, чым цяпер. У тых жа, хто марнуе больш за сем кубаметраў на чалавека за месяц, рахункі вырастуць амаль у шэсць разоў: вада для іх стане ў некалькі разоў даражэйшай, чым, напрыклад, у Маскве.

У некаторых частках Крыма ўлады прымушаюць плаціць за ваду нават тых, хто, не дачакаўшыся дапамогі дзяржавы, развязаў праблему сам, - піша «Проект». Ялцінскі пасёлак Краснакаменка жыве без каналізацыі, а водаправод жыхары правялі сабе самі. Але летась ялцінскі водаканал заявіў, што ўсе трубы ў пасёлку належаць яму, а жыхары абавязаныя паставіць лічыльнікі і аплачваць ваду паводле тарыфу. Аналагічная гісторыя адбылася ў пасёлку Тапалёўцы ў Белагорскім раёне Крыма, дзе рахункі атрымліваюць жыхары, якія пабудавалі водаправод за свой кошт.

Сёлета праз гарачае надвор'е паўвостраў можа наогул застацца без вады. У пачатку 90-х у такую ж засуху на Паўднёвым беразе Крыму быў сарваны турыстычны сезон. Жыхарам Алушты тады ваду падвозілі з разліку 20 літраў на чалавека, а Севастопаль атрымліваў ваду па гадзінах. Акрамя таго, ужо летась пляжы Севастопаля закрываліся праз халеру, у гэтым сітуацыя можа пагоршыцца праз знос гарадскіх ачышчальных збудаванняў.

Апошнія навіны