BE RU EN

У Лунінцы ад каранавіруса памёр 49-гадовы падпалкоўнік міліцыі

  • 2.06.2020, 9:16

Яго шпіталізавалі ў лякарню ў пачатку траўня.

У Лунінцы памёр 49-гадовы падпалкоўнік міліцыі, ветэран МУС, паведамляе «Медыя-Палессе». Сяргей Сухараў памёр у Берасцейскай абласной лякарні.

Як паведамілі ў Лунінецкім РАУС, падпалкоўнік Сухараў сышоў на заслужаны адпачынак з пасады кіраўніка аддзялення правапарадку. На пенсіі, працягваў працаваць у вайсковай ахове на станцыі Лунінец.

Як распавялі цяперашнія калегі ветэрана МУС, яго шпіталізавалі ў Лунінецкую ЦРБ ў пачатку траўня. Затым перавялі ў Берасцейскую абласную лякарню. Калегам праз тэлефон паведаміў, што тэст на каранавірус пацвердзіўся.

Хаваць ветэрана будуць у закрытай труне, паведамілі ў РАУС.

Гэта другая смерць ветэрана Лунінецкай міліцыі на працягу месяца. Нядаўна пайшоў з жыцця маёр у адстаўцы, 62-гадовы Леанід Несцяровіч. Ён на пенсіі працягваў працаваць у райаддзеле міліцыі загадчыкам групай тэхнічнага забеспячэння. Быў экстрана шпіталізаваны ў Пінскую лякарню, дзе цягам двух тыдняў знаходзіўся ў рэанімацыйным аддзяленні і памёр.

- Гэта былі абсалютна здаровыя, актыўныя людзі, - адзначыў у размове з Медыя-Палессем старшыня ветэранскай арганізацыі РАУС Мікалай Мігель.

Апошнія навіны