Імя гэтай персоны стане праклёнам у тысячах сем'яў, якія страцілі сваіх родных
- Мікалай Статкевіч
- 5.05.2020, 12:47
Заражэнне паводле загаду.
Калі людзі заражаюцца небяспечнай хваробай з неасцярожнасці - гэта бяда. Калі іх заражаюць наўмысна - гэта ўжо цяжкае крымінальнае злачынства.
Такое злачынства адбываецца цяпер - тысячы вайскоўцаў, якія прынеслі прысягу выконваць загады начальнікаў, заражаюць каранавірусам, ганяючы ў шчыльным шыхце на шматлікіх трэніроўках да параду.
Апафеоз заражэння наступіць 9 траўня, калі да іх у дадатак будуць заражаць яшчэ тысячы цывільных людзей, таксама паводле загаду сагнаных на трыбуны параду.
Чаму чыніцца гэтае злачынства? Каму трэба паставіць у небяспечную сітуацыю ўсіх гэтых людзей, іх родных і блізкіх? Хто выкарыстоўвае дзяржаўную ўладу і пачуццё абавязку вайскоўцаў, каб прымусіць іх пайсці на гэтую бессэнсоўную рызыку? І, галоўнае, дзеля чаго?
Кожны знойдзе свае адказы на гэтыя пытанні. Але ў аснове кожнай з меркаваных намі прычын будуць інтарэсы, псіхічны стан або жаданне адной персоны. Імя якой неўзабаве стане праклёнам у тысячах сем'яў, якія страцілі сваіх родных.
Выратуем сябе і сваіх блізкіх - вызвалім краіну ад звар'яцелага дыктатара.
Мікалай Статкевіч, «Фэйсбук»