BE RU EN

«Статыстыка нашмат горшая»: Сусветныя СМІ напісалі пра каранавірус у Беларусі

  • 30.05.2020, 12:20

У краіне з насельніцтвам 9,5 мільёнаў чалавек адбываецца маштабная эпідэмія.

Выданне AFP выпусціла тэкст пра валанцёраў, якія ратуюць медперсанал і лякарні падчас эпідэміі ў Беларусі. Гэты ж матэрыял з'явіўся на сайтах і ў шэрагу іншых СМІ (Daily Times, International Business Time, France24, Digital Journal і гэтак далей), піша kyky.org.

«Маладыя людзі ў цёмных талстоўках і спартовых касцюмах праз ланцужок перадаюць адзін аднаму чорныя мяшкі са склада, каб скласці іх у аўтамабілі. Гэтыя беларускія валанцёры ўзяліся бясплатна вазіць у лякарні такія патрэбныя сродкі індывідуальнай абароны, паколькі ўлады былой савецкай дзяржавы перамяншаюць маштабы эпідэміі каранавірусу. З самага пачатку пандэміі Беларусь вылучалася адсутнасцю афіцыйнай рэакцыі [на вірус], бо Лукашэнка не раз аспрэчваў пагрозу інфекцыі.

Валанцёры ініцыятывы #ByCovid19 дастаўляюць мяшкі з ахоўнымі касцюмамі і маскамі ў лякарню ў маленькім мястэчку Чэрвень, прыкладна за 60 кіламетраў ад Менска. Перад лякарняй медыкі ў белым распакоўваюць мяшкі і ўкладваюць змесціва ў вазок. «Цяпер у нас дастаткова сродкаў індывідуальнай абароны, – кажа галоўная медсястра лякарні Наталля Сычова, атрымліваючы рэчы. – Але хто ведае, як зменіцца сітуацыя і на колькі нам гэтага хопіць. Таму нам патрэбныя запасы як мінімум на два тыдні».

ФОТА: AFP

У краіне з насельніцтвам блізу 9,5 мільёна чалавек назіраецца маштабная эпідэмія каранавірусу. Да аўторка колькасць выяўленых выпадкаў дасягнула 37.144, а смерцяў – 204. Але сапраўдная колькасць можа быць вышэйшая, кажа 33-гадовы Андрэй Ткачоў, адзін з каардынатараў #ByCovid19. «На жаль, статыстыка ад лякарняў вельмі сумная. І яна адрозніваецца ад таго, што публікуецца афіцыйна: яна нашмат горшая», – кажа ён.

Лукашэнка назваў страх з нагоды вірусу «псіхозам», раячы такія сумнеўныя захады прафілактыкі, як піццё гарэлкі і паходы ў лазні. Ён не скасоўваў масавых мерапрыемстваў, уключаючы футбольныя матчы. 9 траўня ён арганізаваў штогадовы вайсковы парад у гонар перамогі Савецкага Саюза ў Другой сусветнай вайне, у якім удзельнічала блізу пяці тысячаў вайскоўцаў. На парад прыйшлі ветэраны, некаторыя – без масак.

Сутыкнуўшыся з адмаўленнем [праблемы] з боку дзяржавы, добраахвотнікі ўзялі ўсё ў свае рукі, сабралі грошы і набылі матэрыялы для лякарняў. Хоць беларускія ўлады часта заціскаюць дзейнасць няўрадавых арганізацый, у гэты раз яны прынамсі маўкліва падтрымалі.

Праект #ByCovid19 быў створаны ў канцы сакавіка ў сацсетках. Ён атрымлівае заяўкі на дапамогу ад медыкаў па ўсёй краіне і спрабуе задаволіць запыты зборам грошай у анлайне. Паводле словаў удзельнікаў ініцыятывы, за два месяцы атрымалася сабраць больш за 250 тысячаў даляраў ахвяраванняў і ажыццявіць пастаўкі ў 150 медустановаў. Абсталяванне, якое развозяць валанцёры #ByCovid19, уключае ў сябе тэрмометры, ультрафіялетавыя лямпы для дэзынфекцыі, а таксама ахоўныя асабовыя шчыткі, бясплатна выразаныя лазерам супрацоўнікамі адной з менскіх кампаній. «Яны не прызначаныя для ўжывання ў медыцынскіх мэтах, але цяпер складаная сітуацыя, і мы хочам хоць неяк дапамагчы нашым медыкам, каб яны маглі сябе абараніць», – кажа Ганна Даброўская, дырэктарка кампаніі «Далісія» (вырабляе пластыкавыя матэрыялы).

ФОТА: AFP

Больш за 1,5 тысячы валанцёраў рупяцца над тым, каб апрацаваць сотні запытаў дапамогі і арганізаваць дастаўку. «На вачах у некаторых медыкаў праступалі слёзы, таму што мы на самай справе здолелі вельмі хутка выканаць пастаўкі», – кажа Ткачоў. Ён крытыкуе бюракратыю ў беларускім Міністэрстве аховы здароўя, падкрэсліваючы, што валанцёры маглі б забяспечваць лякарні ўсім неабходным значна хутчэй.

Некаторыя данаты на карысць #ByCovid19 паступаюць ад вялікай беларускай дыяспары, якая працуе за мяжой праз эканамічныя складанасці дома».

Апошнія навіны