Парламент Вэнэсуэлы прызнаў Хуана Гуайдо сваім старшынём
- 29.05.2020, 10:48
Нацыянальная асамблея адпрэчыла стаўленіка Мадура.
Нацыянальная асамблея Вэнэсуэлы, у якой дамінуюць прадстаўнікі апазіцыі, адпрэчыла пастанову Вярхоўнага суда краіны, які пазбавіў лідэра апазіцыі Хуана Гуаидо паўнамоцтваў старшыні парламента. Дэпутаты асамблеі ў чацвер, 28 траўня, назвалі пастанову суда незаконнай, бо суддзі, на іхнюю думку, пазбаўленыя "незалежнасці, аўтаноміі і аб'ектыўнасці". Пасля гэтага Гуайдо заявіў, што працягне выкананнне абавязкаў маршалка Нацыянальнай асамблеі, паведамляе "Нямецкая хваля".
Вярхоўны суд Вэнэсуэлы 26 траўня прызнаў маршалкам парламента спаборніка Гуайдо - Луіса Пару, прыняўшы ягоныя дамаганні на гэтую пасаду за законныя. Чальцоў Вярхоўнага суда ўважаюць за лаяльных дыктатару Вэнэсуэлы Нікаласу Мадуру, які з пачатку 2019 года ўцягнуты ў жорсткую барацьбу за ўладу супраць Хуана Гуайдо.
Луіс Пара абвясціў сябе старшынём Нацыянальнай асамблеі ў студзені. Падчас яго абрання ні Хуана Гуайдо, ні іншых апазыцыйных палітыкаў не пусцілі ў будынак парламента. Гуайдо назваў Пару "памагатым дыктатуры". Са студзеня Пара і Гуайдо праводзяць паралельныя парламенцкія пасяджэння са сваімі прыхільнікамі.
Паралельныя парламенты
Хуан Гуаbдо ў студзені 2019 года cтаў часовым прэзідэнтам Вэнэсуэлы. Яго прызналі блізу 60 краін, у тым ліку ЗША і Нямеччына. Аднак, нягледзячы на моцны націск Вашынгтона і катастрафічную сітуацыю ў эканоміцы Вэнэсуэлы, Мадура застаецца ва ўладзе, абапіраючыся на падтрымку з боку вайскоўцаў, а таксама Расеі і Кітая.
Вэнэсуэла ўжо шмат гадоў цярпіць ад глыбокага эканамічнага крызісу, які толькі пагоршыўся праз пандэмію каранавірусу. Мільёны вэнэсуэльцаў уцяклі за мяжу, ратуючыся ад эканамічных нягод і палітычных рэпрэсій.