BE RU EN

Гарадзенец мяняў у банку 1000 еўраў, а гэта былі 1000 даляраў Зімбабвэ

  • 28.05.2020, 10:29

Купюру забралі на экспэртызу.

Рэдкая фальшыўка трапіла ў рукі да гарадзенскіх экспэртаў: умельцы ператварылі 1000 зімбабвійскіх даляраў у 1000 еўраў. Падрабязнасці здарэння агенцтву БелТА распавялі ва ўправе Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз Гарадзенскай вобласці.

65-гадовы гарадзенец прыйшоў у банк, каб абмяняць купюру 1000 еўраў. Супрацоўніца банка засумнявалася ў сапраўднасці банкноты і паведаміла пра гэта ў міліцыю. Праваахоўнікі забралі купюру на экспэртызу.

Спецыялісты выявілі, што перад імі купюра рэзервовага банка Зімбабвэ наміналам 1000 даляраў узору 2007 года. Фальшываманетчыкі з дапамогай кампутарнай тэхнікі перарабілі на банкноце назву банка і валюты, а таксама некаторыя малюнкі.

Уладальнік купюры распавёў, што яна дасталася яму некалькі гадоў таму ў спадчыну ад бацькі. Мужчына не здагадваўся, што грошы могуць быць фальшывымі.

Дарэчы, за апошнія тры гады гарадзенскім экспэртам толькі адзін раз траплялі на праверку зімбабвійскія даляры.

Апошнія навіны