Чаму маці шасцярых дзяцей хоча новага прэзідэнта
- 27.05.2020, 21:54
Пяць гадоў шматдзетная сям'я беспаспяхова дамагаецца справядлівасці.
Вера і Іван Неронскія і іх шасцёра дзяцей жывуць у двух кватэрах у адным тамбуры - аднапакаёвай і «двушцы». На момант атрымання жылля ў сям'і было чацвёра дзяцей.
- Нас падманулі на 100 мільёнаў, мы ўносілі ўласныя сродкі на будаўніцтва жылля, а не павінны былі, - распавяла шматдзетная мама ў інтэрв'ю «Салідарнасці». - Я звярталася ў многія інстанцыі, уключаючы адміністрацыю кіраўніка, але мне давалі адпіскі. Не ведаю, каму выставіць прэтэнзіі. Гэта здзек са шматдзетнай сям'і!
Сям'ю Няронскіх я сустрэла на пікеце блогера Сяргея Ціханоўскага, які днямі збіраў подпісы ў Слуцку ў падтрымку вылучэння сваёй жонкі на прэзідэнцкую пасаду.
- Мы падпісчыкі Сяргея, і хочам жыць у краіне для жыцця, - кажуць муж і жонка Неронскіх. - Мы ўсе хочам памяняць: і ўладу, і чыноўнікаў.
Іван Неронскі ўспамінае, як выглядала кватэра, якую пабудавала шматдзетная сям'я:
- Голы бетон, без рамонту. Ванна стаяла пластмасавая, унітаз і газавая пліта - вось і ўсё.
Са слоў яго жонкі, яна дагэтуль плаціць крэдыт за жыллё.
Летась Вера атрымала ордэн Маці, але ўручаў яго не прэзідэнт, а мясцовыя ўлады.
- Нас не пусцілі да Лукашэнкі. У выканкаме сказалі, што дзеля двух чалавек мы вас у Менск не павязём.
Вера мяркуе, што прычына ў тым, што райвыканкам не хацеў вырашаць яе праблему.
- Усе шматдзетныя туляцца ў маленькім пакоі, - кажа Вера. - Проста хочуць заткнуць усім рот прыгожа, што прапанавалі шматдзетным жыллё. Чаму нехта павінен у катэджах такіх вялікіх (паказвае на дом, які будуе кіраўнік мясцовай вертыкалі - заўв. «С»), а мы павінны жыць у такіх умовах - адзін на адным?