BE RU EN

У Гародні патолагаанатам распавёў аб ахове ад COVID-19, а праз месяц заразіўся і памёр

  • 27.05.2020, 18:16

Яму быў 51 год.

22 траўня ў Гародні памёр галоўны патолагаанатам вобласці Міхаіл Зубрыцкі. Яму быў 51 год. У Зубрыцкага быў пацверджаны каранавірус. Мужчына тыдзень знаходзіўся ў коме, 22 траўня стаў прыходзіць у прытомнасць, але паляпшэнне не наступіла, паведамляе euroradio.fm.

Падчас эпідэмій вірусных хвароб сярод патолагаанатамаў і судмедэкспэртаў захворванне падвышаецца ў некалькі разоў. У сярэдзіне красавіка «Еўрарадыё» паспрабавала зрабіць матэрыял пра гэта, але лекары не пайшлі на кантакт. Міхаіл Зубрыцкі стаў адзіным практыкуючым патолагаанатамам, які не пабаяўся даць нам каментар без утойвання свайго імя.

- Ці змяніўся працоўны працэс у патолагаанатамаў падчас пандэміі COVID-19?

Міхаіл Зубрыцкі: Наогул, нам не рэкамендуюць даваць каментары на радыё і кажуць адпраўляць усіх у абласную ўправу аховы здароўя. Але я ў агульных рысах магу сказаць: намі закупленыя ў вялікіх колькасцях сродкі аховы для нашых супрацоўнікаў. Змяніўся прапускны рэжым - уваход у будынак абмежаваны, вядзецца сталая санітарная апрацоўка. На гэты момант, на шчасце, у нас нічога такога яшчэ не было - ну вы зразумелі, чаго. Ніводзін да нас не трапляў у Гарадзенскую вобласць.

- Ці можа патолагаанатам заразіцца ад памерлага?

- Калі не карыстацца сродкамі абароны, то чаму не?

- Пратакол працы з памерлымі ад COVID-19 прадугледжвае дадатковыя захады засцярогі?

- Абавязкова. Нават на ўсе хоць трохі падазроныя выпадкі спецыяліст адпраўляецца «ў поўнай амуніцыі». Тым больш самі супрацоўнікі не хочуць заразіцца, таму праводзяцца санітарная апрацоўка і ўсе спадарожныя працэдуры.

- Ці можна хаваць памерлых ад каранавіруса ў зямлі ці толькі праз крэматорый?

- Хаваць можна, так.

На 15 красавіка, калі адбылася гэтая размова, да гарадзенскіх патолагаанатамаў яшчэ не прывезлі ніводнага пацыента з каранавіруснай інфекцыяй. А 22 траўня ад COVID-19, нягледзячы на ўсе захады засцярогі, памірае галоўны патолагаанатам вобласці.

У Беларусі не агучваецца статыстыка смяротнасці ад каранавіруса сярод медыкаў. Ігнаруючы рэкамендацыі САЗ паведамляць пра заражаных сярод медперсаналу, Міністэрства аховы здароўя публікуе толькі агульную колькасць выяўленых выпадкаў.

Апошнія навіны