BE RU EN

«Груба кажучы, мяне адправілі дадому паміраць...»

  • 27.05.2020, 8:11

Случанка распавяла пра курсы хіміятэрапіі падчас эпідэміі каранавіруса.

На сваёй старонцы ў Instagram случанка Анастасія Дземідовіч, якая цяпер змагаецца з саркомай, распавяла, як ідуць ейныя справы. Пасля няўдалых курсаў хіміятэрапіі ў Беларусі Анастасія не страчвае надзеі і займаецца пошукам клінікі за мяжой, піша kurjer.info.

«Усім прывітанне, дарагія сябры! Прайшло шмат часу з моманту апошняга допісу. Многія пыталіся і хацелі працягу гэтага ўсяго.

Яшчэ тады, у студзені, на кантрольнай КТ [кампутарнай тамаграфіі] ў мяне была стабілізацыя. Але праз два месяцы КТ паказала пагаршэнне сітуацыі. Непрыемна? Нечаканасць і паніка. Што рабіць?

Далей мяне чакаў прыём у лекара і кансіліум. Пастанавілі, што рабіць далей. Прызначылі 2 курсы хіміятэрапіі і праверку. Прайшла ў выніку адзін курс, бо аналізы былі дрэнныя. Другі курс ужо праводзіць не сталі. Зноў настае дзень Х. Кантрольная праверка. І што ж мы там бачым? Зноў пагаршэнне... Гэта ўжо ніяк не здаецца смешным. Зноў лекар, зноў кансіліум. І што ж я чую пасля ад лекараў: «Далейшае лячэнне праводзіцца не будзе. Няма сэнсу, бо ўсё, што было зроблена, толькі згубна на вас паўплывала. Мы нічым вам дапамагчы не можам. Звярніцеся ў іншае месца».

Стоп. Я не зразумела. Якое іншае месца? У сэнсе? У нас у Беларусі гэта адзіная ўстанова, якая лечыць гэтыя захворванні. Куды мне звярнуцца? А калі няма магчымасці? А што цяпер рабіць? Я, прашу заўважыць, без лячэння. Усё, што было прызначана, - гэта абязбольванне і ін’екцыі гармонаў. Груба кажучы, мяне адправілі дадому паміраць...

І што адбываецца цяпер у маім жыцці. Пошук клінікі за мяжой і прыдатнага лячэння. Не буду пакуль раскрываць усё. Даведаецеся пазней. Паспрабую надоўга не знікаць больш. Я гэтак жа застаюся ўдзячная ўсім, хто мяне падтрымлівае і знаходзіцца побач. Хто прыносіць пазітыў і радасць у маё жыццё. Вялікая падзяка новым людзям, з якімі я пазнаёмілася за гэты час. Не судзіце строга за тэкст. Наколькі ён атрымаўся сур'ёзным. Хацелася змясціць максімуму інфармацыі. Так заканчваю допіс. Да наступнай сустрэчы».

Апошнія навіны