BE RU EN

У Расонах муж заразіў COVID-19 жонку-медсястру, а яна прадаўжала працаваць

  • 23.05.2020, 15:24

У лякарні, дзе яна працуе, не выключаюць «успышкі» інфекцыі.

У Расонах мужчына заразіў сваю жонку-медсястру COVID-19. Пра гэта мясцовай газеце паведаміла намесніца галоўнага лекара медыцынскай часткі УАЗ "Расонская ЦРБ" Яўгенія Калупаха, паведамляе «Еўрарадыё». Паводле ейных словаў, жанчына прадаўжала хадзіць на працу і "на жаль, не абышлося без кантактаў".

Вірус быў выяўлены пасля таго, як яе даставілі ў раённую лякарню з пнеўманіяй і ўзялі тэст на COVID-19.

Пацыентку перавялі на лекаванне ў Віцебск, цяпер яе стан расцэньваецца "як стабільны".

Кантактамі першага ўзроўню сталі 17 расонцаў, яны знаходзяцца на самаізаляцыі.

У лякарні не выключаюць "успышкі" інфекцыі. Паводле словаў намесніка галоўнага лекара, медыкі і супрацоўнікі санітарнай службы аператыўна ўжылі ўсе неабходныя захады, каб мінімізаваць рызыкі.

"Тыдзень ззаду, пакуль новых выпадкаў заражэння не выяўлена, – кажа лекар. – Калі наступны пройдзе спакайней, то можна будзе выдыхнуць".

Апошнія навіны