«Было адчуванне, што немагчыма надыхацца»: Гісторыя медсястры, што перахварэла каранавірусам
- 22.05.2020, 21:49
Ганна працуе ў адной з медычных устаноў Пінска.
Пасля чарговага аналізу на каранавірус давялося сысці на карантын, піша сайт «Медыя-Палессе».
Медыцынскім работнікам перыядычна робяць мазкі. Ганне паведамлялі, што яе мазкі не далі станоўчы вынік.
Знаёмыя хваляваліся. Жанчына працуе з пацыентамі. Ніколі ж не ведаеш, хто з чым прыходзіць. Нават прапаноўвалі дапамогу - закупіць сродкі індывідуальнай абароны.
Пасля чарговага мазка і апрацоўкі выніку Ганна пачула: «Плюс». І на два тыдні сышла на хатні карантын.
Першае, што зрабіла, пасля абвяшчэння выніку аналізу, - званок дзіцяці. Бо гэта кантакт першага ўзроўню. Ізаляцыя. І шмат нерваў, абы не заразілася. У дзіцяці ўзялі аналіз. Адказ чакалі больш за тыдзень. Ганна здзіўляецца, чаму так доўга. У выніку патэлефанавалі і сказалі, што заражэнне не пацвердзілася.
Ганна кажа, што яе выпадак не як з падручніка. Каранавірус не праявіўся «ва ўсёй красе». З сімптомаў - абцяжаранае дыханне, паленне ў грудзях, толькі аднойчы паднялася тэмпература. Адчуванне, што немагчыма надыхацца.
Ганне пашанцавала, за час карантыну ёй стала лепш, пазней медсястра вярнулася на працу.
Пад пытаннем застаецца тое, колькіх чалавек магла заразіць Ганна.