BE RU EN

Інфекцыяніст з Ізраіля: Каранавірус будзе цыркуляваць і далей, усе асцерагаюцца зімы

  • 22.05.2020, 20:07

Колькасць выпадкаў заражэння ад кожнага хворага каранавірусам зімой удвая большая, чым улетку.

Свету крыху пашанцавала, што эпідэмія каранавіруса пачалася, калі сезон грыпу завяршыўся, інакш страты былі б яшчэ большыя. Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю выданню «Гордон» старэйшы лекар інфекцыйнага аддзялення Першага медыцынскага цэнтра Тэль-Авіва Яўген Кацман.

«Асаблівасць наступнай зімы ў тым, што каранавірус будзе цыркуляваць паралельна з грыпам. Яны не перашкаджаюць адзін аднаму, не выцясняюць адзін аднаго. Таму наступствы могуць быць значна горшыя, чым цяпер. У сезон бальніцы запаўняюць пацыенты з ускладненнямі грыпу, якіх у нас звычайна шмат, і паралельна з імі будуць паступаць пацыенты з каранавірусам. Трэба сказаць, што ўсяму свету сёлета крыху пашанцавала, таму што каранавірус прыйшоў, калі сезон грыпу завяршыўся. Калі б каранавірус прыйшоў раней, карціна была б яшчэ больш цяжкай», - распавёў суразмоўца.

З яго слоў, зімой вірус распаўсюджваецца больш інтэнсіўна, чым улетку.

«Каранавірус будзе цыркуляваць і далей. Усе асцерагаюцца зімы, таму што пры халоднай тэмпературы на розных паверхнях (кнопкі ліфтаў, ручкі аўтобусаў і гэтак далей) вірус жыве даўжэй. І колькасць выпадкаў заражэння ад кожнага хворага будзе ўдвая большая, чым улетку», - адзначыў Кацман.

Ён паведаміў, што ў Ізраілі ўжо пачалі абследаваць людзей на антыцелы да каранавірусу, каб зразумець, які працэнт насельніцтва перахварэў.

«Мяркую, даследаванне пакажа 10-20% насельніцтва з імунітэтам. Аднак мы ведаем, што не ва ўсіх перахварэлых выпрацоўваецца імунітэт. І яшчэ не разумеем, што гэта азначае. Мы яшчэ не ведаем, ці ёсць імунітэт у носьбітаў. Не выключана, што яны могуць заразіцца зноў. Наогул, наяўнасць антыцелаў неабавязкова вызначае імунітэт. Чалавек, які мае антыцелы, можа зноў захварэць. І, наадварот, у чалавека можа не быць антыцелаў, а захварэць ён не можа. Мы яшчэ шмат чаго не ведаем», - сказаў лекар.

Успышка каранавіруснай інфекцыі COVID-19 пачалася ў канцы 2019 года ў Кітаі. 11 сакавіка 2020 года Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвясціла распаўсюджванне каранавіруса пандэміяй.

Паводле звестак амерыканскага Універсітэта Джонса Хопкінса, агульная колькасць інфіцыраваных у свеце перавысіла 5,1 млн, з іх больш за за 1,95 млн вылечылася, а 332,9 тысячы памерлі.

Апошнія навіны