BE RU EN

Памерла кінарэжысёрка Любоў Зямцова, якая здымала фільм пра валанцёраў, якія дапамагаюць медыкам

  • 22.05.2020, 12:05

Ёй было 28 гадоў.

Кінарэжысёрка Любоў Зямцова памерла сёння раніцай, 22 траўня ў лякарні. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў фэйсбуку, у групе, прысвечанай дакументальнаму кіно, піша tut.by.

14 траўня 2020 года Любоў і ейныя калегі, аўтары дакументальнага праекта «Неизвестная Беларусь», які выходзіць на тэлеканале «Настоящее Время», трапілі ў ДТЗ у Пухавіцкім раёне на 43-м км трасы М5 Менск - Гомель.

Следчыя высветлілі, што на паласу, дзе ехаў Citroen, з сустрэчнай паласы выскачыў Rover, за стырном якога быў 20-гадовы жыхар Гомеля. У выніку ДТЗ у Citroen загінулі 33-гадовы рэжысёр Уладзімір Міхайлоўскі і 26-гадовы мастак-гукарэжысёр Максім Гаўрыленка, загінуў таксама кіроўца Rover. Пасажыр Rover і рэжысёрка Любоў Зямцова былі шпіталізаваныя. Любоў ў цяжкім стане патрапіла ў рэанімацыю, дзе лекары да сённяшняга дня змагаліся за ейнае жыццё.

Паводле факту здарэння СК распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 317 (Парушэнне ПДР, што пацягнула з неасцярожнасці смерць трох асоб) КК Беларусі.

Любоў Зямцова нарадзілася ў Менску ў сям'і тэлевізійнага рэдактара і сцэнарыста Святланы Зямцовай. У 17 гадоў на базе «Дзіцячага цэнтра тэхнічнай творчасці», дзякуючы свайму выкладчыку Г. Злабенку, зняла першую эксперыментальную працу «Клетка». У 2014 скончыла Акадэмію мастацтваў (спецыяльнасць: рэжысура дакументальнага фільма, майстэрня М. Жданоўскага), пазней школу Wajda School Doc Pro ў Варшаве.

Зняла стужкі: «Дзень Перамогі», «Месца кахання», «Пра каханне: Іра», а таксама цыкл з чатырох выпускаў «Неизвестная Беларусь». Гэта серыя дакументальных фільмаў тэлеканала «Настоящее Время» пра адметных беларусаў, незвычайныя месцы, цікавыя з'явы, якія робяць нашу краіну ўнікальнай. У рамках праекта выйшлі тры серыі па 24 хвіліны. Чацвёртым у цыкле павінен быў стаць фільм пра гомельскіх валанцёраў, якія дапамагаюць медыкам. Але дарабіць стужку аўтары не паспелі.

Рэдакцыя спачувае родным і блізкім.

Апошнія навіны