BE RU EN

Пад Вілейкай пасажыр BMW стукнуў супрацоўніка ДАІ ў твар і атрымаў кулю ў нагу

  • 21.05.2020, 15:35

Справу накіравалі ў суд.

Пракуратура Вілейскага раёна накіравала ў суд крымінальную справу паводле абвінавачвання 34-гадовага менчука, які стукнуў у твар супрацоўніка ДАІ і атрымаў кулю ў нагу, паведамляе партал kraj.by.

Нагадаем, здарэнне адбылося ўвечары 8 сакавіка ў аграгарадку Ілля: аўтамабіль BMW з'ехаў у кювет каля парку на вуліцы Савецкай, на месца выклікалі ДАІ.

- Папярэдняе следства выявіла, што калі супрацоўнікі міліцыі прыехалі на месца і пачалі разбірацца, нецвярозы пасажыр аўтамабіля выйшаў і стаў канфліктаваць з інспектарамі. Аднаго з іх ён стукнуў кулаком у твар. Мужчыну спрабавалі ўгаварыць сесці назад у аўтамабіль, але ён прадаўжаў задзірацца. Міліцыянт вымушаны быў ужыць табельную зброю. Тры папераджальныя стрэлы ў паветра менчука не супакоілі, і тады супрацоўнік ДАІ стрэліў яму ў нагу, - распавёў намеснік пракурора Вілейскага раёна Андрэй Жукоўскі.

Са слоў Андрэя Жукоўскага, абвінавачваны мае не скасаваную судзімасць за кіраванне транспартным сродкам у стане ап'янення. Ён працуе на адным з прадпрыемстваў Менска.

Справа ў судзе будзе разглядацца паводле артыкула 364 КК Беларусі (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Максімальны тэрмін паводле гэтага артыкула - шэсць гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны