BE RU EN

Названая пяцёрка самых надзейных гібрыдных аўтамабіляў

  • 2.05.2020, 20:26

Пры складанні рэйтынгу выкарыстоўваліся звесткі апытання 18 119 рэспандэнтаў.

Брытанскае выданне What Car? склала рэйтынг самых надзейных гібрыдных аўто. Эксперты адзначаюць, што такія самаходы зазвычай каштуюць даражэй, чым бензінавыя і дызельныя аналагі, піша rg.ru.

Таму цвярозай ідэяй будзе купля ўжыванага аўтамабіля з бензінава-электрычнай або дызель-электрычнай сілавой устаноўкай, рэкамендуюць брытанцы. З іншага боку, яны ж папярэджваюць, што гэта - рызыкоўны ўчынак, бо рамонт гібрыдаў дарагі (праз складанасць рэалізаваных тэхналогій).

Пры складанні рэйтынгу выкарыстоўваліся звесткі апытання 18 119 рэспандэнтаў - уладальнікаў гібрыдных самаходаў. Усім ім было прапанавана адказаць на пытанне, ці здараліся паломы за апошнія 12 месяцаў, колькі часу пайшло на іх ухіленне і колькі давялося заплаціць за рапарацыю. Дзіўна, але ў пяцёрцы найлепшых ужываных гібрыдаў апынуліся ў выніку выключна мадэлі Toyota і Lexus.

1 месца - Lexus CT

ФОТА: ПРЭС-СЛУЖБА LEXUS

На вяршыні рэйтынгу з паказчыкам надзейнасці 99,5% размясціўся Lexus CT 2011 мадэльнага года. Lexus CT, магчыма, не самы файны аўтамабіль, але гэта, безумоўна, адна з самых надзейных гібрыдных мадэляў, высноўваюць аўтары рэйтынгу.

У графіках для аўтамабіляў не старэйшых за пяць гадоў Lexus CT набраў максімальныя 100% надзейнасці. Толькі 4% аўтамабіляў мелі тэхнічныя праблемы і ўсе яны былі звязаныя з акумулятарам. Пры гэтым усе няспраўнасці былі зліквідаваны паводле гарантыі.

2 месца - Toyota Auris Hybrid

ФОТА: ПРЭС-СЛУЖБА TOYOTA

Толькі 6% уладальнікаў паведамілі аб няспраўнасці Toyota Auris Hybrid, і, як і ў выпадку з Lexus CT 2011, адзінай праблемнай мясцінай стаў батарэйны блок.

Няспраўнасці выпраўляліся задарма менш чым за дзень. У выніку Toyota Auris Hybrid атрымаў рэйтынг надзейнасці 98,5% і другое месца ў рэйтынгу.

3 месца - Lexus RX

ФОТА: ПРЭС-СЛУЖБА LEXUS

На трэцяй пазіцыі размясцілася радзіна гібрыдных Lexus RX (узору 2009-2016 гадоў) з рэйтынгам надзейнасці: 97,7%. Адзначаецца, што толькі 4% уладальнікаў RX папярэдняга пакалення паведамілі, што ў іхнім аўтамабілі выявіліся тэхнічныя няспраўнасці.

Практычна адзінай праблемнай мясцінай стала сістэма выдыху. Пры гэтым нават пасля выяўлення вышэйназванага палому ўсе самаходы ездзілі, а няспраўнасці былі зліквідаваныя менш чым за тыдзень. Рахунак за рамонт склаў ад 300 да 500 фунтаў стэрлінгаў.

4 месца - Lexus IS

ФОТА: ПРЭС-СЛУЖБА LEXUS

Толькі 7% уладальнікаў Lexus IS 2013 мадэльнага года паведамілі аб няспраўнасці, галоўнай з якіх сталі колы і гума. На ўсіх аўтамабілях пасля выяўлення праблем можна было ехаць.

Непаладкі былі зліквідаваныя ў той жа дзень. Рахунак за рамонт склаў ад 300 да 500 фунтаў стэрлінгаў. Вынік - рэйтынг надзейнасці 96,6% і чацвёртае месца ў спісе.

5 месца - Toyota Prius

ФОТА: Юрый Зубко/РГ

Самаходы вырабу 2009-2015 гадоў атрымалі рэйтынг надзейнасці 92,8%. Толькі 4% уладальнікаў Prius заявілі, што ў іхнім аўтамабілі здарылася няспраўнасць.

Праблемнымі пунктамі былі названыя акумулятар, рухавік і паліўная сістэма. Частка аўтамабіляў правяла ў сэрвісе да тыдня, а рахункі за рамонт вагаліся ад 100 да 750 фунтаў стэрлінгаў.

Апошнія навіны