BE RU EN

Расея пачала спешна скупляць беларускі бензін

  • 19.05.2020, 19:26

Пастаўкі па чыгунцы выраслі ў сотні разоў.

На фоне падзення кошту нафты з пачатку вясны Расея пачала спешна скупляць беларускі бензін. Пастаўкі па чыгунцы выраслі ў сотні разоў. Такую статыстыку прыводзіць цэнавае агенцтва Argus Media.

Толькі за красавік адгрузка склала 40,1 тысячы тон, хоць за ўвесь 2019 год імпартавана ўсяго 200 тон. Пакупнікам беларускі бензін з улікам дастаўкі абыходзіўся на 500 рублёў за тону танней, чым расейскі.

Больш за 30 працэнтаў паставак з Беларусі прыйшлося на паўднёвыя рэгіёны Расеі. Буйныя партыі адгружаліся ў Калінінградскую вобласць, Санкт-Пецярбург і Ленінградскую вобласць, а таксама ў прымежныя з рэспублікай Смаленскую і Бранскую вобласці.

Прычынай такой сітуацыі стаў дзейны ў Расеі дэмпферны механізм. У выпадку дарагой нафты нафтавікі атрымліваюць кампенсацыю за танны бензін, а калі сыравіна таннее, яны самі выплачваюць у бюджэт лішнія сродкі.

У сакавіку і красавіку, калі кошт нафты на фоне залішняй здабычы апусцілася да мінімумаў за многія дзесяцігоддзі, бензін рэзка патаннеў у суседніх з Расеяй краінах. Сітуацыяй ужо скарысталіся не толькі ў еўрапейскай частцы Расеі, але і на Далёкім Усходзе, куды вязуць дызельнае паліва з Паўднёвай Карэі.

Апошнія навіны