У Расеі колькасць інфіцыраваных каранавірусам перавысіла 281 тысячу чалавек
- 17.05.2020, 19:34
Толькі за апошні дзень у РФ выяўлена 9709 новых выпадкаў COVID-19.
Паводле звестак на нядзелю, 17 траўня, за апошні дзень у Расеі выяўлена 9709 новых выпадкаў інфікавання каранавірусам, паведамляе «Цяперашні час».
Каранавірусная інфекцыя прызнаная прычынай смерці 94 чалавек за апошні дзень. За ўвесь перыяд эпідэміі ў Расеі памёр 2631 чалавек.
Усяго колькасць інфіцыраваных перавысіла 281 тысячу (гэта другое месца ў свеце), паздаравелі, паводле афіцыйных звестак, больш за 67 тысячаў чалавек.
Газета Financial Times 13 траўня выпусціла матэрыял пра тое, што сапраўдная колькасць памерлых ад COVID-19 у Расеі можа быць на 70% большай за афіцыйна агучаныя звесткі.
У той самы дзень улады Масквы заявілі, што больш за 60% смерцяў пацыентаў з каранавірусам здарыліся праз «відавочныя альтэрнатыўныя прычыны», у тым ліку праз інфаркты, інсульты, ракавыя пухліны, лейкозы і іншыя захворванні.